Беларуская Служба

За распрацоўку праграмнага забеспячэння для «Кіберпартызан» жыхара Барысава асудзілі на 4,5 года «хіміі»

29.11.2024 11:03
Яго абвінавацілі ў перадачы праграмнага забеспячэння і інструкцый прадстаўнікам ініцыятывы «Кіберпартызаны», якая была прызнаная «экстрэмісцкім фармаваннем».
   .
Здымак мае ілюстрацыйны характар.Engin_Akyurt /pixabay.com/CC0 Public Domain

У лістападзе Мінскі абласны суд разгледзеў справу супраць Максіма Нябожына паводле ч. 1 і ч. 2 арт. 361-4 КК (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці). Яго абвінавацілі ў перадачы праграмнага забеспячэння і інструкцый прадстаўнікам ініцыятывы «Кіберпартызаны», якая была прызнаная «экстрэмісцкім фармаваннем». Суддзя Анжаліка Данілава прысудзіла Максіму чатыры з паловай гады абмежавання волі з накіраваннем у ПУАТ.

Паводле раскладу судоў, Максіма, верагодна, затрымалі прыкладна ў канцы лютага 2024 года. 1 сакавіка суд Барысаўскага раёна разгледзеў адміністрацыйную справу супраць мужчыны паводле арт. 24.3 КаАП (непадпарадкаванне супрацоўніку міліцыі). Верагодна, тады яму прызначылі арышт, пасля чаго зноў перазатрымалі за «непадпарадкаванне», таму што 15 сакавіка была разгледжаная яшчэ адна справа супраць яго.

11 лістапада ў Мінскім абласным судзе разглядалася крымінальная справа супраць Максіма паводле ч. 1 і ч.2 арт. 361-4 КК (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці).

«Падчас судовага следства ўстаноўлена, што абвінавачаны, ведаючы пра дзейнасць экстрэмісцкага фармавання «Кіберпартызаны», 18 студзеня 2023 года накіраваў у чат-бот у тэлеграме распрацаваную ім праграму, якая дазваляла шыфраваць файлы на кампутары карыстальніка. Тым самым праграма закрывала доступ да зашыфраванай інфармацыі карыстальніка. Ён жа распрацаваў і 28 студзеня 2023 года накіраваў у чат-бот у тэлеграме экстрэмісцкага фарміравання «Кіберпартызаны» інструкцыю для актывацыі праграмы, якая з'яўлялася наборам драйвераў для распрацоўкі праграмнага забеспячэння з мэтай фільтрацыі файлавай сістэмы», — паведамляе прэс-служба пракуратуры.

Паведамляецца, што мужчына цалкам прызнаў сваю віну падчас судовага працэсу. У выніку, суд прызнаў яго вінаватым у «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці» і прызначыў чатыры гады і шэсць месяцаў «хіміі». Суд таксама пастанавіў канфіскаваць ноўтбук мужчыны.

Вясна/ав