Беларуская Служба

Латушка пераконваў Парыж паспрыяць прыцягненню Лукашэнкі да адказнасці

14.12.2024 17:21
Падчас сустрэч у Міністэрстве замежных спраў Францыі Павел Латушка прадставіў інфармацыю аб масавых парушэннях правоў чалавека ў Беларусі.
Павел ЛатушкаФота з адкрытых крыніц

13 снежня адбыліся сустрэчы намесніка кіраўніцы Аб'яднанага Пераходнага Кабінета, кіраўніка Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Паўла Латушкі з дырэктарам прававога дэпартамента Міністэрства замежных спраў Францыі Дыега Коласам і яго намесніцай Сандрын Барбіер, а таксама сустрэча з намеснікам дырэктара дэпартамента Кантынентальнай Еўропы МЗС Францыі.

Падчас сустрэч у Міністэрстве замежных спраў Францыі Павел Латушка прадставіў інфармацыю аб масавых парушэннях правоў чалавека ў Беларусі і злачынствах супраць чалавечнасці, якія здзяйсняюцца прадстаўнікамі рэжыму Лукашэнкі ў дачыненні да беларускага народа.

Французскаму боку былі выкладзены прававыя абгрунтаванні магчымага выкарыстання інструментаў Міжнароднага крымінальнага суда для прыцягнення Лукашэнкі і яго саўдзельнікаў да адказнасці. Таксама Павел Латушка прадставіў абгрунтаванні важнасці падтрымкі звароту ўрада Літвы ў Міжнародны крымінальны суд аб пачатку расследавання сітуацыі ў Беларусі. У ходзе сустрэчы з дырэктарам прававога дэпартамента МЗС Францыі Павел Латушка і юрысты НАУ далі вычарпальныя адказы на пытанні прадстаўнікоў прававога дэпартамента французскага МЗС.

Падчас сустрэч Павел Латушка адзначыў несамастойнасць Лукашэнкі, яго няздольнасць змяніць унутраную і знешнюю палітыку Беларусі ў сувязі з тым, што ў 2020 годзе дыктатар вырашыў падзяліцца ўладай не з беларускім народам, а з Крамлём.

ав