Беларуская Служба

У Беластоку адзначаюць дзень нараджэння стваральніка мовы эсперанта

15.12.2024 10:36
«Людвік Заменгоф важны не толькі як стваральнік мовы эсперанта, але і як чалавек, які заўсёды аб'ядноўваў людзей, незалежна ад іх нацыянальнасці, веравызнання ці паходжання».
Ludwik Zamenhof na obrazie J. A. Marscha
Ludwik Zamenhof na obrazie J. A. MarschaForum / RSW

Эсперантысты з розных краін, прадстаўнікі гарадскіх уладаў і культурных устаноў ушанавалі ў Беластоку 165-годдзе з дня нараджэння стваральніка міжнароднай мовы эсперанта Людвіка Заменгофа. Урачыстасці адбыліся каля помніка Заменгофу, дзе былі ўскладзеныя кветкі. У горадзе з пятніцы праходзяць 25-я Беластоцкія дні Заменгофа.

Людвік Заменгоф, лекар яўрэйскага паходжання і стваральнік мовы эсперанта, нарадзіўся ў Беластоку 15 снежня 1859 года. Помнік Заменгофу размешчаны ў цэнтры горада ў скверы імя Паўла Адамовіча.

У суботу ўдзельнікі ўрачыстасці сабраліся каля помніка, сярод іх былі эсперантысты з розных краін, у тым ліку нават з такіх далёкіх, як Новая Зеландыя. Як адзначыў старшыня Беластоцкага таварыства эсперантыстаў Пшемыслаў Вежбоўскі:

«Мы вельмі рады, што вы так шматліка прыехалі ў наш горад. Вы не толькі праяўляеце цікавасць, але і разам з мясцовымі эсперантыстамі ўносіце ўклад у праграму гэтых урачыстасцей».
Да мерапрыемства каля помніка эсперантысты прынялі ўдзел у каталіцкай імшы, праведзенай на мове эсперанта.

Намеснік прэзідэнта Беластока Рафал Рудніцкі падкрэсліў значэнне асобы Заменгофа для горада:

«Людвік Заменгоф важны для нашага горада не толькі як стваральнік мовы эсперанта, але і як чалавек, які заўсёды аб'ядноўваў людзей, незалежна ад іх нацыянальнасці, веравызнання ці паходжання. Гэтае пасланне асабліва актуальнае ў сучасным свеце».

Беласток застаецца важным цэнтрам для аматараў эсперанта. Тут дзейнічае Цэнтр імя Людвіка Заменгофа, дзе праводзяцца мерапрыемствы, прысвечаныя культурнай і рэлігійнай разнастайнасці рэгіёна. У бібліятэцы "Эсперанта-Лібро" захоўваецца больш за 3 тысячы кніг і часопісаў на мове эсперанта.

У праграме 25-ых Беластоцкіх дзён Заменгофа — канцэрты, кінапрагляды і іншыя мерапрыемствы. Эсперантысты падлічваюць, што ў свеце існуе больш за тысячу месцаў, якія носяць імя Заменгофа ці эсперанта. Колькасць людзей, якія валодаюць эсперанта, ацэньваецца ў некалькі сотняў тысяч.

PAP/нг