З лістапада з Беларусі ў Лівію па дзіўным маршруце лятаюць грузавыя самалёты прыватнай кампаніі, якая трапіла пад санкцыі ЗША за дапамогу ПВК Вагнэра. Магчыма, яны перавозяць зброю мясцовым паўстанцам, якія з’яўляюцца саюзнікамі Расіі.
Як піша Aeroin, прыватная беларуская авіякампанія Rada Airlines арганізавала складаную сетку рэгулярных рэйсаў паміж Беларуссю і Бенгазі (Лівія). Іх мэтай можа быць транспартаванне зброі для сілаў саюзнага Расіі палявога камандзіра Халіфы Хафтара, кіраўніка Лівійскай нацыянальнай арміі, якому супрацьстаіць Урад нацыянальнай еднасці ў Трыпалі.
Серыі палётаў папярэднічаў візіт 11 кастрычніка Садама Хафтара, аднаго з сыноў Халіфы, у Беларусь. Падчас гэтага візіту яго суправаджаў брыгадны генерал Мухамад Аль-Манфур Аль-Амін, які камандуе авіяцыйнай акадэміяй на ўсходзе Лівіі.
Праз месяц пасля гэтага візіту, 12 лістапада, першы самалёт з серыі – пераабсталяваны з пасажырскага ў грузавы Іл-62 з рэгістрацыйным нумарам EW-450TR – вылецеў з былой авіябазы ў Беларусі ў бок Бэнгазі. Ён ляцеў нетыповым маршрутам, абыходзячы паветраную прастору Турэччыны і пралятаючы праз Іран, Ірак і Сірыю, перш чым дасягнуць Лівіі. На наступны дзень самалёт вярнуўся ў Беларусь, гэтым разам кароткім маршрутам праз Турэччыну.
«Гэты аблёт турэцкай паветранай прасторы з’яўляецца выразным паказнікам характару грузу, які перавозіўся, бо Турэччына падтрымлівае ўрад, які базуецца ў Трыпалі, і, хутчэй за ўсё, не дапусціць праходжання зброі праз сваю тэрыторыю. Акрамя таго, пазбяганне тэрыторыі Турэччыны дапамагае прадухіліць праверкі з боку мясцовых уладаў у выпадку надзвычайнай сітуацыі», – адзначае Aeroin.
Пасля гэтага адбылося яшчэ больш рэйсаў, заўсёды з ухіленнем ад маршрутаў, якія маглі прыцягнуць увагу ўладаў, якія выступаюць супраць перавозкі зброі Хафтару.
Выданне падкрэслівае, што гэтая серыя рэйсаў выкрывае прабелы ў міжнародных правілах і кідае выклік намаганням стрымаць канфлікт у Сірыі з дапамогай санкцыяў.
Rada Airlines – прыватная беларуская грузавая авіякампанія, якая базуецца ў Мінску. Флот складаецца з двух самалётаў Іл-62МГр з бартавымі нумарамі EW-450TR і EW-505TR і аднаго самалёта Ан-26Б з бартавым нумарам EW-453TG. 9 жніўня 2024 года Міністэрства фінансаў ЗША ўключыла авіякампанію і яе кіраўніцтва ў амерыканскі санкцыйны спіс.
belsat.eu/эж