Беларуская Служба

Заяўкі на пашпарт Новай Беларусі пачнуць прымаць з 26 студзеня

14.01.2025 14:21
Працэс выдачы пашпартоў плануецца пачаць 26 студзеня падчас форуму «Беларусы годныя лепшага».
Пашпарт Новай Беларусіфота: Офіс С.Ціханоўскай

Пашпарт Новай Беларусі курыруе грамадзянін Літвы Марыюс Гудэлайціс. Ён распавёў «Люстэрку», што працэс выдачы пашпартоў плануецца пачаць 26 студзеня падчас форуму «Беларусы годныя лепшага». Тэхнічна дакумент адпавядае ўсім міжнародным стандартам.

З ліпеня вялася праца над стварэннем Беларускага пашпартнага цэнтру ў Вільні. Устаноўлена неабходнае абсталяванне для друку, наладжана сістэма збору біяметрыі, верыфікацыі даных. Мы надрукавалі ўзоры для рассылання ўрадам і дадання ў міжнародныя базы трэвел-дакументаў, расказвае Марыюс Гудэлайціс.

Каб падаць заяўку, трэба «стары» беларускі пашпарт і дакумент, які пацвярджае легальнае знаходжанне ў Еўрапейскім Саюзе. Таксама неабходна зарэгістравацца на прыём. Пасля таго як заяўнік атрымае пацвярджэнне, ён павінен будзе аплаціць збор (97 еўра), здаць біяметрыю.

Падарожнічаць на аснове пашпарту пакуль нельга, на сёння ён не ўключаны ў міжнародныя базы трэвел-дакументаў. Які будзе статус у пашпарта і якія магчымасці для падарожжаў - гэта ўсё прадмет для перамоваў, гаворыць Марыюс Гудэлайціс.

«У кожнай краіне рознае заканадаўства. Для пачатку гэтых дыскусій нам патрэбны былі ўзоры, зараз яны ёсць. Калі пачнецца афармленне, мы будзем абмяркоўваць пэўныя магчымасці. Зразумейце, гэта беспрэцэдэнтны і складаны праект. Але нашая мэта — каб ён змог вырашаць легалізацыйныя пытанні беларусаў. І мы спадзяёмся на вашую падтрымку».

Люстэрка/ав