Беларуская Служба

Улады ствараюць ілюзіі легітымнасці працэсу праз сустрэчы з назіральнікамі ШАС і СНД

24.01.2025 13:55
З дзяржаўных медыя стала вядома, што Беларускі камітэт моладзевых арганізацый (БКМА) будзе праводзіць апытанне выбаршчыкаў пры выхадзе з участкаў для галасавання па методыцы экзітполу.
.
.andibreit/pixabay.com/CC0

З дзяржаўных медыя стала вядома, што Беларускі камітэт моладзевых арганізацый (БКМА) будзе праводзіць апытанне выбаршчыкаў пры выхадзе з участкаў для галасавання па методыцы экзітполу. Ім ахопяць больш за 300 участкаў у буйных гарадах і ў сельскай мясцовасці, згодна сацыялагічнай выбарцы. Апытваць рэспандэнтаў будуць інтэрв'юеры. Яны атрымаюць брэндаваныя сінія камізэлькі, сумкі і планшэткі з лагатыпам БКМА, а таксама бэйдж і пасведчанне, якое пацвярджае асобу інтэрв'юера. Адзначаецца, што плануецца задзейнічаць каля адной тысячы асобаў.

Старшыня ЦВК заявіў, што правядзенне экзітполу не парушае таямніцу волевыяўлення, бо вынікі апытання будуць агучаныя ўжо пасля асноўнага дня галасавання.

Праваабаронцы за свабодныя выбары таксама звяртаюць увагу на стварэнне ілюзіі легітымнасці працэсу праз сустрэчы з назіральнікамі ШАС і СНД.

Як і на мінулых выбарах, прадстаўнікі АБСЕ не будуць назіраць за выбарамі праз несвоечасовасць запрашэння беларускім бокам. На выбары запрошаны прадстаўнікі цэнтральных выбарчых камісій краін СНД і Сусветнай асацыяцыі выбарчых органаў, штаб-кватэра якой знаходзіцца ў Паўднёвай Карэі, а таксама місія Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва (ШАС). Раней праваабаронцы адзначалі, што такія назіральніцкія місіі нельга назваць незалежнымі ці аб’ектыўнымі. У недэмакратычных уладаў часта ёсць спакуса арганізаваць квазінезалежнае назіранне, каб мець у распараджэнні выгадную ацэнку выбараў. Таксама гэта спосаб прадставіць альтэрнатыўныя вынікі назірання, якія падмацоўваюць пазіцыі дзейных уладаў.

Праваабаронцы за свабодныя выбары/ав