25 студзеня ў фальшывым тэлеграм-канале Святланы Ціханоўскай з'явіўся дыпфэйк, згенераваны нейрасеткай, у якім Ціханоўская нібыта заяўляе пра складанне паўнамоцтваў нацыянальнага лідара Беларусі. На відэа яе выява заяўляе таксама, што паўнамоцтвы перадаюцца Паўлу Латушку.
Ролік выкананы не надта якасна: выява падтарможвае, гук не супадае з рухам вуснаў, а голас гучыць не натуральна.
Прэс-сакратарка Ціханоўскай Ганна Красуліна адразу ж абвергла інфармацыю, назваўшы відэа фэйкам: "Трэба аддаць ім належнае — піяраць як могуць".
Пазней Святлана Ціханоўская асабіста запісала відэазварот, каб развеяць сумневы. "Мае дарагія беларусы і беларусачкі. Я, канечне, застаюся з вамі, плячом да пляча, каб працягваць нашу барацьбу дзеля роднай Беларусі", — сказала яна.
На дыпфэйк павёўся грамадскі дзеяч і бізнесмен Вадзім Пракоп'еў, які размясціў у сваім інстаграме паведамленне на гэтую тэму. Аднак праз некаторы час, разабраўшыся, ён зрабіў тлумачальны пост.
Крыніца: Еўрарадыё/Офіс Святланы Ціханоўскай
нг