«Кіберпартызаны» паведамілі пра «ўзлом базы дадзеных лукашысцкай прапаганды» - сайта выдання «СБ. Беларусь сёння». Па іх словах, удалося атрымаць два дзясяткі гігабайт інфармацыі, уключаючы дадзеныя карыстальнікаў і адміністратараў партала за 2014-2025 гады.
Як паведамілі «Кіберпартызаны», яны выгрузілі 21 гігабайт інфармацыі, за дапамогу ў аперацыі падзякавалі Silent Crow. База даных змяшчае карыстальнікаў і адміністратараў партала за 2014-2025 гады.
«Перадаем таксама прывітанне Максіму Мікалаевічу, які, відавочна, думае, што вішынг - гэта ўсяго толькі нейкі від спорту. Дарэчы, ваш любімы «хазяйсцвенік» якраз увёў крымінальную адказнасць за ўцечку дадзеных (арт. 203-1 КК прадугледжвае пакаранне аж да пяці гадоў пазбаўлення волі)», — гаворыцца ў паведамленні «Кіберпартызан».
Па іх словах, на сайце выдання было 6468 карыстальнікаў у 2014-2022 гадах.
На гэты момант сайт выдання даступны з Беларусі. Пры спробе наведаць яго з іншай краіны выводзіцца паведамленне аб тым, што «уладальнік сайта забараніў доступ з вашай сеткі».
Крыніца: «Зеркало»/юл