Група незалежных экспертаў ААН па Беларусі выказвае глыбокую заклапочанасць у сувязі з перавыбарам Аляксандра Лукашэнкі і магчымага ўплыву гэтага на і без таго цяжкае становішча ў галіне правоў чалавека ў Беларусі.
Яны шкадуюць, што, не запрасіўшы міжнародных незалежных назіральнікаў, улады Беларусі не змаглі правесці сапраўды дэмакратычныя выбары. Тое ж самае адбылося і падчас прэзідэнцкіх выбараў 2020 года.
З таго часу, паводле іх, рэальныя і меркаваныя прадстаўнікі беларускай апазіцыі падвяргаліся адвольным арыштам і затрыманням, катаванням і пазбаўляліся права на справядлівае судовае разбіральніцтва. Некаторыя з гэтых парушэнняў могуць быць прыраўнаныя да злачынстваў супраць чалавечнасці.
«Зафіксаваныя на сёння выпадкі парушэння правоў чалавека відавочна з'яўляюцца часткай урадавай стратэгіі, накіраванай на прыгнечанне іншадумства, уключаючы любыя формы свабоды выказвання меркаванняў і аб'яднанняў», - чытаем у заяве ААН.
На думку экспертаў ААН, шырокамаштабныя рэпрэсіі прадэманстравалі сваю эфектыўнасць.
Паколькі Аляксандр Лукашэнка застаецца ва ўладзе яшчэ на пяць гадоў, прадстаўнікі ААН асцерагаюцца, што рэпрэсіі і парушэнні правоў чалавека ў Беларусі працягнуцца.
Група незалежных экспертаў прадставіць свой першы даклад Савету па правах чалавека ў сакавіку, засяродзіўшы ўвагу на парушэннях, учыненых у 2023 і 2024 гадах, у тым ліку на працягу месяцаў, якія папярэднічалі прэзідэнцкім выбарам.
Група незалежных экспертаў па становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі была створаная Радай па правах чалавека ААН 4 красавіка 2024 года для расследавання і ўсталявання фактаў, акалічнасцяў і карэнных прычын усіх меркаваных парушэнняў правоў чалавека, учыненых у Беларусі з 1 траўня 2020 года.
аз