Беларуская Служба

Палітзняволены журналіст Ігар Карней пахудзеў за кратамі на 15 кг і мае праблемы з сэрцам

18.02.2025 11:26
Ігар Карней адбываў пакаранне ў шклоўскай калоніі № 17, а са снежня 2024 года знаходзіцца ў магілёўскім СІЗА.
Журналіст Ігар КарнейФота: Радыё «Свабода»

18 лютага ў Магілёўскім абласным судзе адбудзецца разгляд апеляцыі палітвязня, былога журналіста «Радыё Свабода» Ігара Карнея.

У снежні 2024 года Шклоўскі раённы суд дадаў Ігару Карнею яшчэ 10 месяцаў зняволення за «непадпарадкаванне адміністрацыі папраўчай установы» ў дадатак да 3 гадоў калоніі, якія яму прысудзіў суд Мінска ў 2024 годзе.

Акрамя таго, журналісту прысудзілі штраф 20 тыс. рублёў. Ігар Карней абскардзіў прысуд.

Ігар Карней адбываў пакаранне ў шклоўскай калоніі № 17, а са снежня 2024 года знаходзіцца ў магілёўскім СІЗА.

Паводле дасведчанай крыніцы, з магілёўскага СІЗА палітвязня на некалькі дзён прывозілі ў СІЗА КДБ у Мінску, адкуль яго зноў вярнулі ў Магілёў.

«Пісаў, што ў СІЗА КДБ трапіў да лекара, там паслухалі сэрца, пацвердзілі, што не вельмі роўны рытм, выпісалі валяр’янку. Яшчэ напісаў, што пасля шклоўскай калоніі пахудзеў на 15 кг, зараз трохі ад’ядаецца ў Магілёве», — паведаміла крыніца пра Ігара Карнея.

Паводле крыніцы, на ўмовы ў камеры ён не скардзіцца, шмат чытае і размаўляе з сукамернікамі.

З палітвязнем Ігарам Карнеем няма тэлефоннай сувязі, але лісты ад яго даходзяць.

Чатыры дочкі і жонка Ігара Карнея пасля ягонага арышту выехалі за межы Беларусі.

вс