Літоўскі рэжысёр Андрус Даряла, які з 2020 года супрацоўнічае з беларускімі акцёрамі ў эміграцыі, паставіў у Вільні новы спектакль. На гэты раз аб тым, як палітычны крызіс змяніў жыццё беларускіх сем'яў. Прэм'ера прайшла ў літоўскай сталіцы 16 лютага, паведамляе DW.
«Цесля» - гісторыя тыповага жыхара райцэнтра. Яго дачка збегла з Беларусі, бо ўдзельнічала ў пратэстах, зяць з'ехаў ваяваць ва Украіну, ён ні разу не бачыў унука, які нарадзіўся ўжо ў Польшчы. А зараз яго яшчэ і звальняюць з дому рамеснікаў - за «няправільную» пазіцыю сваякоў.
У спектаклі іграюць акцёры, якія былі вымушаныя ўцякаць з краіны пасля ўзмацнення рэпрэсій - Сяргей Толсцікаў (працаваў у Новым драматычным тэатры ў Мінску), Віталь Лявонаў (Гродзенскі абласны драматычны тэатр), Эмілія Пранскуце (працавала ў Тэатры імя Горкага) і Аксана Чывелева (Брэсцкі тэатр лялек).
Аўтарам п'есы «Цесля» з’яўляецца Вольга Каралёнак, актрыса і папулярызатар беларускай традыцыі, якая не першы раз звяртаецца да праблемаў беларускіх уцекачоў у сваёй працы. У 2023-м у Польшчы прэзентавалі ейны спектакль «Угу! Навіны лесу» - аб неразуменні паміж дзецьмі з розных краін пасля рэлакацыі.
Па розных ацэнках, Беларусь у выніку пратэстаў і пасля пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне, магло пакінуць каля 500 тысяч чалавек. У Літве беларусы сярод замежнікаў займаюць другое месца.
аз