Беларуская Служба

Праваабаронцы назвалі імёны сілавікоў ГУБАЗіКу, якія катавалі беларусаў

18.03.2025 17:05
Даследаванне не толькі называе імёны злачынцаў у пагонах, але і дае канкрэтныя доказы іхнай віны, заснаваныя на сведчаннях пацярпелых.
   . :
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: «Прававая ініцыятыва».

Міжнародны камітэт расследавання катаванняў назваў канкрэтныя імёны сілавікоў ГУБАЗіКу, датычных да катаванняў, збіцця і жорсткага абыходжання з беларусамі, затрыманымі пасля выбараў 2020 года. Даследаванне не толькі называе імёны злачынцаў у пагонах, але і дае канкрэтныя доказы іхнай віны, заснаваныя на сведчаннях пацярпелых. І гэта значыць, што яны могуць быць прыцягнутыя да адказнасці.

У аснову назвы даследавання праваабаронцы ўзялі цытату аднаго з сілавікоў, якую, са словаў аўтараў даследавання, ад яго пачулі дзясяткі і сотні беларусаў, якія перанеслі збіванні, прыніжэнні ды іншыя формы гвалту ў засценках ГУБАЗіКу: «Сардэчна запрашаем у гестапа»!

«Беларусь застаецца адной з нямногіх краінаў у Еўропе, дзе сілавікі, датычныя да катаванняў і рэпрэсіяў, працягваюць дзейнічаць беспакарана. Міжнародныя праваабарончыя арганізацыі і журналісты неаднаразова фіксавалі парушэнні, але нам удалося вызначыць канкрэтныя асобы тых, хто стаіць за гвалтам. Нашая мэта – дэананімізаваць злачынцаў, датычных да катаванняў і жорсткага абыходжання, перадаць іхныя звесткі ў органы правасуддзя і дамагчыся справядлівасці», – кажа адна з аўтарак даследавання, з якой паразмаўляў «Белсат».

Паводле праваабаронцаў, задача была няпростаю, бо часцей за ўсё губазікаўцы хаваюць твары, выкарыстоўваюць фальшывыя імёны і дакументы, хаваюць свае злачынствы, пакрываюць адно аднога. Але даследнікі былі ўпэўненыя: калі ёсць ахвяры, то ёсць і каты, і іх хоць і складана, але можна знайсці.

Каб выявіць вінаватых у катаваннях, праваабаронцы прааналізавалі сотні відаэ- і фотаздымкаў, вывучылі кіламетры сведчанняў пацярпелых, суаднеслі звесткі і паступова сабралі мазаіку. У выніку атрымалася раскрыць асобы трох сілавікоў, непасрэдна датычных да катаванняў, у тым ліку іхныя імёны, прозвішчы і пасады. У сваёй працы даследнікі апублікавалі іхныя фотаздымкі і далі юрыдычную ацэнку іхным дзеянням. Імёны гэтых сілавікоў і ўсе доказы іхных злачынстваў праваабаронцы прыводзяць у сваім даследаванні.

Гэтыя асобы – толькі вяршыня айсбергу. Як адзначае суразмоўца, спіс злачынцаў ГУБАЗіКу будзе папаўняцца, бо праца ў зборы сведчанняў працягваецца.

Гэта: 

Аляксандр Алёкса
– намеснік начальніка 3-га ўпраўлення, арганізатар катаванняў, фабрыкацый крымінальных спраў і рэпрэсіўных акцый супраць пратэстоўцаў.

Валерый Высоцкі
– старшы аператыўнік, датычны да жорсткіх катаванняў, у тым ліку з пагрозамі сэксуалізаванага гвалту.

Іван Тарасік
– намеснік начальніка 1-га аддзела, удзельнік стварэння «пакаянных відэа» і шантажу сем’яў затрыманых.

Белсат/ав