Беларуская Служба

У ААН занепакоеныя жорсткім абыходжаннем з жанчынамі ў беларускіх турмах

27.03.2025 08:42
Эксперты выказалі асаблівую занепакоенасць з нагоды стану Алены Гнаук, Вольгі Маёравай, Ірыны Такарчук і Вікторыі Кульшы.
.
.Photo:ErikaWittlieb/CC0 Public Domain/pixabay.com

Незалежныя эксперты па правах чалавека, сярод якіх Нільс Муйжніекс, Спецыяльны дакладчык па пытанні аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі ды працоўныя групы па адвольных затрыманнях і гвалтоўных знікненнях 26 сакавіка заклікалі беларускія ўлады зрабіць захады ў сувязі з паведамленнямі аб жорсткім абыходжанні з жанчынамі, што ўтрымліваюцца ў папраўчых калоніях.

«Мы глыбока занепакоеныя жорсткім абыходжаннем з жанчынамі, асуджанымі ў сувязі з пратэстамі супраць прэзідэнцкіх выбараў 2020 года», — заявілі эксперты.

Яны выказалі трывогу з нагоды небяспечнага для жыцця стану палітзняволенай Вікторыі Кульшы, былой адміністратаркі Telegram-канала «97%», затрыманай восенню 2020 года і пасля асуджанай на чатыры з паловай гады калоніі.

Эксперты таксама выказалі занепакоенасць з нагоды трох жанчын-зняволеных сталага веку — Алены Гнаук, Вольгі Маёравай ды Ірыны Такарчук, — асуджаных у межах рэпрэсій, што разгортваюцца з 2020 года.

Вясна/ав