Вёска Лявонпаль знаходзіцца ў Мёрскім раёне, усяго ў 10 кіламетрах ад латвійскай мяжы. Вёска славутая старажытнай драўлянай Троіцкай царквой, унікальнай калонай у гонар Канстытуцыі 3 траўня 1791 года і сядзібай Лапацінскіх XVIII стагоддзя. Яшчэ паўгода таму мясцовая «раёнка» пісала пра Лявонпаль як пра ўтульнае месца, куды прыязджае шмат турыстаў.
Аднак, як паведамляюць мясцовыя жыхары, велічная сядзіба даўно разбураецца, а спробы знайсці інвестараў аказаліся няўдалымі. Пад пагрозай закрыцця апынуўся і мясцовы Цэнтр культуры, у якім ёсць клуб, музей, бібліятэка і нават тэнісны стол. Дзесяць гадоў таму гэтую глыбінку спрабавалі асвоіць расіяне, але дамагчыся значнага поспеху ім не атрымалася.
Для Беларускай службы Польскага радыё Святаслаў Бруйко, Віцебск