Беларуская Служба

Мода на экалагічнае харчаванне расце, але менш фермераў хоча яго вырошчваць

10.07.2019 15:38
З кожным годам пашыраюцца бюракратычныя патрабаванні, звязаныя з выдачай экалагічных сертыфікатаў.
Zdjęcie ilustracyjne
Zdjęcie ilustracyjneFotokostic/Shutterstock.com

Нечаканыя дадзеныя прыводзіць выданне «Dziennik Gazeta Prawna». Змяншаецца колькасць польскіх фермераў, якія вырабляюць экалагічнае харчаванне, хоць запатрабаванне на такую прадукцыю расце. У мінулым годзе, паводле дадзеных Інспекцыі гандлёвай якасці прадуктаў харчавання, лічба вытворцаў зменшылася на 900, да 20,5 тыс. На працягу чатырох гадоў рынак зменшыўся на чатыры тысячы вытворцаў. На думку экспертаў, так сталася па прычыне абвастрэння ўмоваў, паводле якіх экалагічныя вытворцы могуць атрымаць падтрымку з боку Еўрапейскага Звязу. Акрамя таго, квоты фінансавай дапамогі перасталі быць прывабнымі для фермераў. Таму многія вытворцы экалагічнай садавіны і гародніны, калі заканчваецца пяцігадовы тэрмін падтрымкі, перастаюць засяваць экалагічныя палеткі.

Па словах саміх фермераў, з кожным годам пашыраюцца бюракратычныя патрабаванні, звязаныя з выдачай экалагічных сертыфікатаў. Уладальнік экалагічнай гаспадаркі Томаш Флёрыян Штэйнборн (Tomasz Florian Steinborn) кажа, што яму неўзабаве прыйдзецца ўзяць на працу сакратарку, столькі папер неабходна запаўняць. На прыклад, кожная гаспадарка павінна зрабіць план на пяць гадоў наперад, а часта гэта немагчыма, паколькі ўмовы надвор’я, а таксама патрабаванні спажыўцоў дынамічна мяняюцца.

Іншая прычына – польскі рынак экалагічнага харчавання запаўняюць прадукты з іншых краін, галоўным чынам заходніх, а таксама паяўляюцца новыя гульцы, між іншым з Украіны, Балгарыі або Венгрыі.

Dziennik Gazeta Prawna/нг