У верхняй палаце польскага парламенту Сенаце быў урачыста прадстаўлены праект пад назвай ’’Польшча ў табе!’’. Галоўнай мэтай задумы з’яўляецца прыяднанне маладых палякаў, якія жывуць паза межамі краіны, да нацыянальнай мовы, культуры, традыцый і звычаяў.
Праект распачаўся сустрэчай польскіх маладзёнаў замежжа са старшынёй Сенату Станіславам Карчэўскім. Падчас сустрэчы з маладымі суайчыннікамі з Беларусі, Казахстана, Літвы і Расеі Станіслаў Карчэўскі паведаміў, што іх чакаюць у Польшчы.
Станіслаў Карчэўскі: Для нас вельмі важна, каб як мага болей з вас хацела прыехаць сюды, у Польшчу. Польшча, і гэта вельмі важна, цалкам адкрытая для вас! Прыязджайце сюды не толькі на вакацыі, прыязджайце ў Польшчу вучыцца. Мы заахвочваем вас пераязджаць сюды, заахвочваем рэпатрыявацца!
Падчас побыту ў Польшчы ўдзельнікі новага праекту зоймуцца інтэнсіўным вывучваннем польскай мовы і гісторыі, сустрэнуцца з бізнесоўцамі і палітыкамі. У акцыі ’’Польшча ў табе!’’ апроч моладзі польскага паходжання з краінаў былога СССР возьмуць удзел іх аднагодкі з Бразіліі, Аргентыны, Ірландыіі і нават з Італіі. 15 ліпеня моладзь таксама сустрэлася з польскай прэзідэнцкай парай.
IAR/эж