Беларуская Служба

Прыз Варшаўскага кінафестывалю ў Мiжнародным конкурсе ўзяў грузінскі антываенны фільм

20.10.2019 13:10
Фільм «Шындзісі» зняты паводле сапраўдных падзей, кія здарыліся ў часы расійскага нападзення на Грузію ў 2008 годзе.
Zdjęcie ilustracyjne
Zdjęcie ilustracyjneMyvisuals/Shutterstock

Грузінскі фільм «Шындзісі» заваяваў Гранд-пры Варшаўскага кінафестывалю. Аўтар кінастужкі Дзіта Цінцадзе атрымаў таксама прыз для лепшага рэжысёра. Такое рашэнне прыняло міжнароднае журы падзеі. У рамках Міжнароднага конкурсу3 змагалася 15 кінакарцін, у тым ліку тры польскія. Член журы Міжнароднага конкурсу рэжысёр Міхал Лешчылоўскі тлумачыць, чаму журы вырашыла ўручыць гранд-пры грузінскаму фільму.

- За чыстую перадачу складанага вобразу жорсткасці і бессэнсоўнасці войнаў і магутнасці сілы духа чалавека. Гэта хвалюючы, чысты аповед пра трагедыю і надзею чалавека. Таму гэты фільм выйграў. У ім няма нічога недасказанага, ён такі глыбокі, што не трэба нічога пакідаць за кадрам, што часта з’яўляецца праблемай у кіно.

Фільм «Шындзісі» зняты паводле сапраўдных падзей, якія здарыліся ў часы расійскага нападзення на Грузію ў 2008 годзе, а Шындзісі – гэта вёска непадалёк ад Тбілісі, дзе расійскія акупацыйныя сілы акружылі грузінскіх салдат пасля аб’яўлення мірнага калідора, праз які параненыя маглі атрымаць дапамогу, а забітых можна было годна пахаваць. Расіяне парушалі пагадненні і падступна адкрывалі агонь, а на дапамогу параненым грузінскім салдатам прыйшлі звычайныя жыхары вёскі.

Аўтар карціны Дзіта Цінцадзе вельмі цешыўся атрыманай узнагародзе і казаў, што гэта перш за ўсё антываенны фільм.

- Месыдж такі, каб не ваяваць, а шукаць мірных вырашэнняў, нават калі гэта цяжка. Сённяшні свет поўны негатываў, заўсёды так было, але я адчуваю, што цяпер часы сапраўды цяжкія. Я вельмі хвалююся, што станецца з нашымі дзецьмі. Я не хачу, каб яны бачылі кроў і выбухі. На самой справе не хачу.

нг