Палякі, ацэньваючы стасункі з ЗША, разлічваюць у першую чаргу на гаспадарчыя карысці – вынікае з апытання United Surveys для выдання Dziennik Gazeta Prawna i радыя RMF. Больш за палову палякаў найважнейшым аспектам адносін з амерыканцамі называе гандаль.
Чарговыя пункты ў апытанні – гэта пастаўкі сланцавага газу ў Польшчу і амерыканская супраца ў развіцці ядзернай энергетыкі ў Польшчы. Пытанні мілітарнай бяспекі, якія знаходзяцца на першым палітычным плане, апынуліся на далейшых месцах. Гаворка пра прысутнасць амерыканскіх войскаў у Польшчы і пакупку ваеннай тэхнікі ў ЗША.
-Ёсць разыходжанні ў тым, што палітыкі лічаць самым важным, і тым, чаго хацелі б людзі. Але спадзяванні палякаў разыходзяцца ў сваю чаргу з рэчаіснасцю. Нашая супраца з ЗША будзе абмежаваная ў параўнанні з абменам з Германіяй ці іншымі еўрапейскімі краінамі, – каментуе вынікі апытання эканаміст, прафесар Вітольд Арлоўскі.
ЗША – гэта самая вялікая гаспадарка свету, але насамрэч, калі гаворка ідзе пра гандлёвы абмен з Польшчай, то паводле дадзеных Галоўнага статыстычнага ўпраўлення, за 2019 год ЗША былі на 8 месцы як у імпарце, так і экспарце. Іх апераджалі краіны ЕЗ і Расія.
Адначасова газета дадае, што роля ЗША расце, асабліва дзякуючы пакупкам сланцавага газу. ЗША імкнуцца, каб Польшча стала брамай для іх сыравіны ў Цэнтральна-Усходнюю Еўропу, піша газета. Паводле Марціна Думы з United Surveys, на вынікі апытання ўплываюць таксама цяперашнія гаспадарчыя праблемы. –Пандэмія, гаспадарка ў клопаце, людзі лічаць, што яе ратаванне з’яўляецца самым важным, таму яны чакаюць, што прэзідэнт прывязе кантракты з ЗША, – падкрэслівае эксперт.
Сапраўды, падчас візіту Анджэя Дуды ў ЗША павінны быць абвешчаныя амерыканскія інвестыцыі ў Польшчы – дадае Dziennik Gazeta Prawna.
ав