Беларуская Служба

У Польшчы – выбарчая цішыня перад нядзельнымі прэзідэнцкімі выбарамі

11.07.2020 12:15
Парушэнне перадвыбарчай цішыні з'яўляецца правапарушэннем і караецца штрафам да 1120 еўра.
ГаласаваннеTumisu /pixabay.com/CC0 Public Domain

У сувязі з правядзеннем у бліжэйшую нядзелю другога тура прэзідэнцкіх выбараў у Польшчы з поўначы з пятніцы на суботу да канца галасавання, гэта значыць да 21.00 гадзіны 12 ліпеня, дзейнічае перадвыбарчая цішыня.

Польская паліцыя паведаміла, што па ўсёй краіне ўжо зафіксавана некалькі дзясяткаў інцыдэнтаў парушэння выбарчай цішыні. У большасці выпадкаў гэта зрыванне плакатаў і размяшчэнне на іх абразлівых запісаў.

Паліцыя нагадвае, што парушэнне перадвыбарчай цішыні з'яўляецца правапарушэннем і караецца штрафам ад 20 да за 5 тыс. злотых (ад 4 еўра 50 цэнтаў ажно да 1120 еўра).

Падчас перадвыбарчай цішыні забараняецца праводзіць агітацыю, уключаючы правядзенне сходаў, арганізацыю шэсцяў і дэманстрацый, выступленняў і распаўсюджванне матэрыялаў аб выбарах. Акрамя таго, забаронена публікаваць вынікі апытанняў грамадскай думкі адносна перамогі кандыдатаў, а таксама вынікі апытанняў, праведзеных у дзень галасавання. Палажэнні, датычныя захавання перадвыбарнай цішыні, распаўсюджваюцца на ўсе сродкі масавай інфармацыі, у тым ліку Інтэрнэт.

Плакаты, іншыя выбарчыя матэрыялы, а таксама журналісцкія матэрыялы, размешчаныя ў грамадскай прасторы альбо апублікаваныя ў СМІ да пачатку дзеяння выбарчай цішыні, не падпадаюць пад патрабаванні цішыні.

вс