Беларуская Служба

Еўрапейскі суд па правах чалавека: Польшча і Латвія абавязаны забяспечыць ваду і ежу, аказаць медыцынскую дапамогу і забяспечыць прыстанішча мігрантам на мяжы з Беларуссю

26.08.2021 10:01
Рашэнне, вынесенае Еўрапейскім судом, не з'яўляецца загадам аб прыняцці нелегальных мігрантаў.
Grupa migrantów w Usnarzu Górnym
Grupa migrantów w Usnarzu Górnym Foto: Forum/Zuma Press/Attila Husejnow

Еўрапейскі суд па правах чалавека пастанавіў, што Польшча і Латвія абавязаны забяспечыць ваду і ежу а таксама аказаць медыцынскую дапамогу і забяспечыць прыстанішча мігрантам, якія знаходзяцца на мяжы з Беларуссю.

Рашэнне, вынесенае Еўрапейскім судом, не з'яўляецца загадам аб прыняцці нелегальных мігрантаў Польшчай або Латвіяй. Суд падкрэсліў, што часовыя меры павінны прымяняцца з 25 жніўня па 15 верасня.

Польскі ўрад падрыхтаваў канвой з гуманітарнай дапамогай для мігрантаў, яшчэ перад тым, як Еўрапейскі суд прыняў рашэнне, аднак беларускі бок не прапусціў канвой праз сваю мяжу.

Сітуацыю пракаментавала польская еўрадэпутат Ядвіга Вісьнеўска (Jadwiga Wiśniewska)

«Галоўны абавязак Польшчы, калі гаворка ідзе пра міграцыйны крызіс на беларускай мяжы, гэта ўшчыльненне мяжы і забеспячэнне бяспекі не толькі для палякаў, але і для грамадзян іншых краін Еўрапейскага Звязу», – сказала Ядвіга Вісьнеўска.

Звыш дзесяці дзён на беларускім баку мяжы з Польшчай, недалёка ад мясцовасці Уснаж -Горны, лагеруе група мігрантаў, якія хочуць патрапіць у Польшчу і заяўляюць аб сваёй гатоўнасці падаць заяву аб міжнароднай абароне. Паводле інфармацыі памежнай службы, на дадзены момант групу складаюць 24 чалавекі.

Польскія ўлады падкрэсліваюць, што гэта арганізаваная акцыя рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. Пра гэта сведчыць павелічэнне колькасці імігрантаў, якія спрабуюць нелегальна ўехаць у Польшчу. З пачатку жніўня было зроблена больш за 2000 спробаў незаконнага перасячэння польскай мяжы з Беларусі.

яс