Сёлета адзначаецца 80-я гадавіна паўстання.
Паўстанне ў Варшаўскім гета было найбуйнейшым узброеным супрацівам габрэяў падчас Другой сусветнай вайны, і адначасова першым гарадскім паўстаннем у акупаванай Еўропе. У дзень пачатку паўстання, на Песах, у гета знаходзілася 50 тысяч чалавек. Воінаў была тысяча.
Гета ў Варшаве было створана ў 1940 годзе, калі немцы абнеслі сцяной частку цэнтра горада і сагналі туды амаль паўмільёна габрэяў са сталіцы і ваколіц. Гэта было найбуйнейшым з заснаваных немцамі, і першыя канцэпцыі яго стварэння былі прыняты немцамі на пачатку лістапада 1939 года.
Людзі, зняволеныя ў гета, гінулі ад голаду, хвароб, рабскай працы і падчас расстрэлаў. Летам 1942 г. была арганізавана Вялікая ліквідацыйная акцыя. Немцы перавезлі амаль 300 тысяч габрэяў з гета ў цэнтр знішчэння людзей у Трэблінцы.
Сярод тых, хто застаўся, нарадзілася ідэя ўзброенага супраціву. Баі пачаліся раніцай 19 красавіка 1943 г., калі 850 вайскоўцаў Вафен-СС, узброеных кулямётамі, агнямётамі, гарматамі, бронемашынамі і танкамі, увайшлі ў гета праз вароты з боку Налевэк, каб канчаткова яго ліквідаваць.
У баях удзельнічала каля тысячы слаба ўзброеных паўстанцаў – Габрэйская баявая арганізацыя (ŻOB) і Габрэйскі ваенны саюз. Немцы супрацьстаялі ім больш за 2 тысячамі членаў вермахта, СС і дапаможных украінскіх і латышскіх частак. Супраць паўстанцаў выкарыстоўвалі бронетэхніку і артылерыю.
Найбольш жорсткія баі ішлі ў раёне вул. Заменгофа і Налевак і на пляцы Мураноўскім. Немцы планамерна пранікалі ў глыб гета і, спальваючы і знішчаючы дом за домам, прымушалі мірнае насельніцтва пакідаць бункеры і сховішчы.
Паўстанне – нягледзячы на заклікі польскага ўрада ў Лондане – не выклікала ніякай рэакцыі з боку саюзнікаў. У знак пратэсту супраць абыякавасці свету да трагедыі габрэйскага народа 12 мая 1943 г. член Нацыянальнай рады ПНР у Лондане Шмуль Жыгельбойм скончыў жыццё самагубствам.
Для немцаў сімвалічным актам «завяршэння місіі па канчатковай расправе з варшаўскімі габрэямі» стаў падрыў Вялікай сінагогі на вул. Тломацке.
PAP / вх