Прэзідэнт Нямеччыны Франк-Вальтэр Штайнмаер падчас урачыстасцяў 80-годдзя паўстання ў Варшаўскім гета прасіў прабачэння за здзейсненыя Германіяй злачынствы. Падчас цырымоніі перад Помнікам героям гета ў Варшаве нямецкі прэзідэнт сказаў, што пасля вайны мала вінаватых у злачынстве было прыцягнута да адказнасці.
Штаймаер лічыць, што найважнейшым урокам нашай гісторыі з'яўляецца пасыл «больш ніколі».
«Ніякага расісцкага варʼяцтва, ніякага разняволенага нацыяналізму, ніякай варварскай агрэсіўнай вайны», – сказаў лідар Нямеччыны.
Ён дадаў, што на гэтым пасыле грунтуецца наша агульная Еўропа. Франк-Вальтэр Штайнмаер спаслаўся ў гэтым кантэксце на цяперашнюю сітуацыю ва Украіне.
- Уладзімір Пуцін, здзейсніўшы агрэсію супраць мірнай, дэмакратычнай суседняй краіны, супраць міжнароднага права, высмеяў гэтыя каштоўнасці і разбурыў асновы нашага еўрапейскага парадку і бяспекі. Прэзідэнт Расіі парушыў міжнароднае права, паставіў пад сумнеў мяжу, захапіў зямлю. Гэтая вайна нясе непамерныя пакуты, гвалт, разбурэнне і смерць народу Украіны.
Ва ўрачыстасцях з нагоды 80-й гадавіны пачатку паўстання ў Варшаўскім гета прыняў удзел і прэзідэнт Ізраіля Іцхак Герцаг. Іцхак Герцаг гаварыў пра гераізм габрэяў, асуджаных на знішчэнне падчас Другой сусветнай вайны, і дадаў, што яго суайчыннікі не засталіся ў адзіноце:
- Разам з імі ў гераічнай барацьбе з нацыстамі і іх памагатымі ў кожнай краіне былі Праведнікі народаў свету, удзельнікі мясцовых рухаў супраціву, сярод якіх таксама палякі – Праведнікі народаў свету і члены польскага падполля, якія рызыкавалі сваё жыццё і не заставаліся ўбаку.
Іцхак Герцаг таксама падзякаваў прэзідэнту Анджэю Дудзе за яго намаганні па ўшанаванні памяці Халакосту. Ён выказаў перакананне, што агульны гістарычны вопыт зʼяўляецца «платформай для значнага дыялогу паміж Польшчай і Ізраілем і для паглыблення сяброўства паміж нашымі народамі».
яс/IAR