Беларуская Служба

У нядзелю ў Фромбарку праходзяць урачыстасці з нагоды 480-годдзя смерці Мікалая Каперніка

21.05.2023 17:34
У гэтым горадзе на Віслінскім заліве канонік служыў гадамі, прысвяціў сябе матэматычным разлікам і даследаваў космас.
Сусветная прэм'ера мюзікла "Капернік" на Кафедральнай гары ў ФромбаркуPAP/Adam Warżawa

У нядзелю ў Фромбарку праходзяць урачыстасці з нагоды 480-годдзя смерці вармінскага каноніка, астранома Мікалая Каперніка. У гэтым горадзе на Віслінскім заліве канонік служыў гадамі, прысвяціў сябе матэматычным разлікам і даследаваў космас. Тут ён памёр, а яго магіла знаходзіцца пад падлогай фромбарскага сабора.
Нядзельная падзея – адна з найважнейшых у Юбілейным годзе, у якім адзначаюцца два юбілеі: 550-годдзе з дня нараджэння Каперніка і 480-годдзе з дня яго смерці.

У нядзелю падчас імшы ў катэдральным касцёле Найсвяцейшай Панны Марыі ў Фромбарку арцыбіскуп Люблінскі Станіслаў Будзік падкрэсліў, што Капернік быў чалавекам Касцёла і глыбокай веры.

«Пра глыбокую рэлігійнасць Каперніка сведчыць той факт, што перад абвяшчэннем асноўнага тэзісу сваёй працы пра Сонца як цэнтр планетнай сістэмы ён папрасіў дапамогі Бога, а заканчваў пакланеннем Богу», – сказаў арцыбіскуп Будзік.

Як ён адзначыў, «у апошні год свайго жыцця Капернік прысвяціў сваю працу папе Паўлу III». «У ім ён выказвае сваё перакананне ў адзінстве праўды, якая паходзіць як з Божага аб’яўлення, так і з адкрыцця законаў прыроды. Бліскучы астраном быў чалавекам Касцёла як у сваіх перакананнях, так і ў цяжкай працы», – сказаў арцыбіскуп Будзік.

Памёр Капернік у Фромбарку, як мяркуецца, 21 мая 1543 г. Паводле звычаю, ён быў пахаваны ў саборы Фромбарка, але месца яго спачыну не пазначана. Гісторыкі гадамі спрабуюць яго высветліць. Навукова-даследчая праца пачалася ў 2004 годзе. У 2005 годзе, на другі год пошукаў, была знойдзена найбольш пашкоджаная магіла. Чэрап захаваўся, але без ніжняй сківіцы. Чэрап сведчыў пра ўзрост нябожчыка: 60-70 гадоў. Спецыялісты крыміналістычнай лабараторыі галоўнага ўпраўлення міліцыі правялі рэканструкцыю твару. Яго параўноўвалі з партрэтамі Каперніка. Былі таксама даследаваны валасы, знойдзеныя ў калекцыях Мікалая Каперніка. Параўноўваўся генетычны код ДНК валасоў з кодам, атрыманым з костак, знойдзеных у магіле ў саборы. Яны паказалі згодлівасць.

Перапахаванне астанкаў Мікалая Каперніка ў кафедральным саборы Фромбарка адбылося ў 2010 годзе.

ав

Успамінаем Мікалая Каперніка ў гадавіну смерці: спатрэбілася 200 гадоў, каб была прынятая яго мадэль Сусвету

20.05.2023 07:00
 Астраном даказаў, што ў цэнтры Сусвету знаходзіцца не Зямля, як лічылася раней, а Сонца.