Міністр замежных справаў Літвы негатыўна ацаніў зацягванне перамоваў аб санкцыях супраць Беларусі. Габрыэліус Ландсбергіс ацаніў як недапушчальнае тое, што некаторыя краіны спалучаюць новы пакет абмежаванняў супраць рэжыму ў Мінску са змякчэннем раней уведзеных санкцый. Пра гэта кіраўнік літоўскага МЗС заявіў перад пачаткам сустрэчы міністраў замежных спраў краін ЕС у Брусэлі.
Праект санкцый супраць Беларусі быў прапанаваны Еўракамісіяй у студзені, але дагэтуль не ўхвалены, бо група краін на чале з Партугаліяй запатрабавала зняць ранейшыя абмежаванні на экспарт беларускай калійнай солі і такім чынам на кампаніі з сектара ўгнаенняў.
«Сёння я папрашу вас раздзяліць гэтыя дзве рэчы, каб рухацца наперад з беларускім пакетам, калі мы сур'ёзна падтрымліваем беларускую апазіцыю і палітвязняў не праз допісы ў Твітэры, а праз палітычныя дзеянні. Мы прапанавалі пакет санкцый на 200 млн еўра, а пакет з выключэннямі варты 8 млрд еўра», – сказаў кіраўнік МЗС Літвы.
Габрыэліюс Ландсбергіс падкрэсліў, што хуткае ўвядзенне новых санкцыяў супраць рэжыму ў Мінску неабходнае, бо Расія выкарыстоўвае Беларусь, каб абысці абмежаванні ЕС.
Акрамя Літвы, супраць змякчэння ранейшых санкцый выступае таксама Польшча. Гэтыя краіны адхіляюць аргументы аб тым, што абмежаванні зʼяўляюцца пагрозай глабальнай харчовай бяспецы. Польшча і Літва адказваюць, што гэта расійская прапаганда, таму што праблемаў з угнаеннямі на рынку цяпер няма і што замест Беларусі іх можна імпартаваць, напрыклад, з Канады.
ав