Беларуская Служба

На польска-беларускай мяжы мігранты напалі на машыну Памежнай службы

09.06.2023 16:03
На польска-беларускай мяжы група з 22 чалавек напала на патруль памежнікаў. Замежнікі закідвалі машыну Памежнай службы камянямі і цэглай, паведаміла прэс-сакратар памежнай аховы лейтэнант Ганна Міхальска.
Аўдыё

Гэта адбылося на ўчастку, які ахоўваецца памежнай заставай у Белавежы. Афіцэры заўважылі, што ў Польшчу спрабавала трапіць група прыкладна з 22 чалавек, куды быў накіраваны патруль. «Замежнікі агрэсіўна адрэагавалі на тое, што мяжа ахоўваецца, што яны не змогуць трапіць на польскі бок», – сказала лейтэнант Ганна Міхальска. Ніхто не пацярпеў. У машыне памежнікаў разбітыя дзве шыбы. Машыну трэба рамантаваць.



Лейтэнант Ганна Міхальска дадала, што беларускія службы заахвочваюць мігрантаў да гэтага. «Гэтыя атакі, безумоўна, заахвочваюцца і беларускімі службамі, якія, безумоўна, забяспечваюць іх элементамі бруку ці цэглы, таму што ў лесе яны гэтага не знойдуць», – адзначыла прэс-сакратар.

За мінулыя суткі 86 іншаземцаў нелегальна спрабавалі трапіць з Беларусі ў Польшчу. З іх 15 чалавек, убачыўшы польскія патрулі, павярнулі назад у Беларусь. На ўчастку памежнай заставы Пляска 15 чалавек – грамадзяне Маўрытаніі, Гвінеі, Гаіці, Сенегала і Конга – нелегальна перайшлі праз памежную раку Ваўкушанка ў Польшчу. Акрамя таго, за пасобніцтва затрыманы двое замежнікаў – на ўчастку ў Нараўцы грамадзянін Украіны перавозіў 9 грамадзян Афганістана і грамадзяніна Конга.

Ахоўнікі таксама затрымалі грамадзяніна Румыніі, які перавозіў трох сірыйцаў. Сёлета былі затрыманыя 354 арганізатары і памагатыя ў арганізацыі незаконнага перасячэння мяжы з Беларусі ў Польшчу.

IAR / вх