Беларуская Служба

Сітуацыя на мяжы з Беларуссю застаецца нестабільнай - міністр абароны

23.06.2023 15:27
Кіраўнік Мінабароны раніцай наведаў жаўнераў на ўсходзе Польшчы і ўзнагародзіў ваеннаслужачых. 
     .
Міністр абароны Марыюш Блашчак узнагароджвае салдат.фота: PAP/Artur Reszko

Міністр нацыянальнай абароны Марыюш Блашчак ацаніў, што сітуацыя на мяжы з Беларуссю застаецца нестабільнай, таму Войска Польскае працягвае выконваць пастаўленыя задачы.

Кіраўнік Мінабароны раніцай наведаў жаўнераў на ўсходзе Польшчы і ўзнагародзіў ваеннаслужачых за ўзорную службу на мяжы. Асаблівыя словы падзякі ён адрасаваў тым салдатам, якія пацярпелі пры выкананні службовых абавязкаў.

- Салдаты Войска Польскага прысутныя на мяжы дзеля таго, каб абараняць бяспеку нашай Айчыны. Я кожнаму падзякаваў за службу, падзякаваў за прафесіяналізм, ангажаванасць, самаахвярнасць, за тое, што Польшча бяспечная менавіта дзякуючы службе салдатаў Войска Польскага на мяжы.

Кіраўнік Мінабароны дадаў, што гібрыдныя атакі працягваюцца і кантралююцца Расіяй. Па словах міністра, атака з самага пачатку была накіраваная на дэстабілізацыю Польшчы. Меркаваннем кіраўніка Мінабароны, яны павінны былі зрабіць краіну пасля пачатку вайны ва Украіне няздольнай падтрымаць суседа, паколькі ёй прыйшлося б сканцэнтравацца на прыёме ўцекачоў.

- Ёсць розніца паміж мігрантамі, якія імкнуцца прарвацца праз беларуска-польскую мяжу і ўкраінцамі, якія бягуць ад вайны. З Украіны ад вайны бягуць жанчыны і дзеці, а беларуска-польскую мяжу спрабуюць штурмаваць маладыя мужчыны, якіх запрасілі ў Беларусь. Яны ўдзельнічаюць у працэсе кантрабанды людзей на Захад Еўропы.

Таму, як нагадаў Марыюш Блашчак, польскі ўрад распачаў рашучыя захады, каб не прапусціць праз мяжу падкантрольных рэжыму мігрантаў.

IAR/нг