Беларуская Служба

Анджэй Дуда пасля візіту ў Кіеў: Гэта быў дзень вельмі важных палітычных перамоваў

29.06.2023 09:15
Прэзідэнт адзначыў, што паслухаў, як сітуацыю з бунтам Прыгожына ацэньваюць у Кіеве.
.
А. ДудаPAP/Darek Delmanowicz

Прэзідэнт Анджэй Дуда заявіў, што на наступным саміце НАТА трэба будзе разабрацца з сітуацыяй у Беларусі, у тым ліку перамяшчэннем у краіну чальцоў і лідара групы Вагнера. Пасля вяртання ў Польшчу з Кіева ён падкрэсліў, што Польшча гэтага чакае.

Учора Анджэй Дуда разам з прэзідэнтам Літвы Гітанасам Наўседай наведаў Украіну ў Дзень Канстытуцыі. Пасля вяртання ў Пшэмысль ён падкрэсліў, што гэта быў дзень вельмі важных палітычных перамоваў:

-Якія мы вялі на тэму саміту НАТА, які набліжаецца, падтрымкі Украіны, міжнароднай сітуацыі, падзей апошніх дзён, я маю на ўвазе бунт Вагнера. Мы паслухалі, як сітуацыю ацэньваюць нашыя ўсходнія суседзі. Вельмі шмат цікавых размоваў, асабліва ў кантэксце майго апошняга візіту ў Гаагу.

Прэзідэнт Анджэй Дуда выказаў спадзяванне, што міжнародныя кансультацыі будуць працягвацца да саміту НАТА і нагадаў, што яшчэ да сустрэчы Альянсу ў Вільні ён наведае Літву.

Прэзідэнт адзначыў, што новай тэмай саміту НАТА стануць падзеі ў Расіі:

-Асабліва, калі мы супаставім магчымае перамяшчэнне жаўнераў Групы Вагнера ў Беларусь, самога Прыгожына, а таксама тактычнай ядзернай зброяй, то гэта тэмы, якімі НАТА павінна заняцца. Гэтага мы, як саюзнікі чакаем, і гэта будуць тэмы бліжэйшых дыскусій.

Анджэй Дуда выказаў радасць, што можа святкаваць Дзень Канстытуцыі Украіны разам з Украінай, а таксама падтрымаць украінскіх саюзнікаў, якія ваююць супраць Расіі. Ён дадаў, што перамовы ў Кіеве таксама тычыліся будучага аднаўлення Украіны.

ав

Прэзідэнт Анджэй Дуда прыбыў з неанансаваным візітам у Кіеў

28.06.2023 14:49
Раней у сераду паведамлялася аб прыбыцці ва Украіну прэзідэнта Літвы Гітанаса Наўседы.