Беларуская Служба

Супрацоўнікі пажарнай аховы зафіксавалі больш за 2770 выклікаў на поўдні Польшчы

27.08.2023 12:22
На сёння таксама, паводле прагнозаў, у Польшчы магчымыя навальніцы і моцны вецер. 
   .
Паламанае дрэва ў Дэмбіцы.Фота: PAP/Darek Delmanowicz

Пасля праходжання атмасфернага фронту на поўдні Польшчы супрацоўнікі пажарнай аховы зафіксавалі больш за 2770 выклікаў, аб чым паведаміў прадстаўнік галоўнага камандзіра Дзяржаўнай пажарнай службы брыгадзір Караль Кежкоўскі.

У Малапольшчы пажарныя дзейнічалі 1400 разоў, у Падкарпацці – 900 разоў, у Верхняй Сілезіі – 160 разоў. Выклікі тычыліся прыбрання паваленых дрэваў і галін, адпампоўвання вады з вуліц і будынкаў, а таксама пашкоджаных жылых і гаспадарчых пабудоў. Пацярпелі два чалавекі, якія знаходзіліся ў парку падчас навальніцы, на іх упала дрэва. У Дэмбіцы зарэгістравана больш за 400 здарэнняў, былі адключэнні электраэнергіі, прыйшлося эвакуяваць шпіталь.

У пажарную службу паступіла каля 260 паведамленняў аб пашкоджаннях жылых і гаспадарчых будынкаў. На адным з вадаёмаў вецер перавярнуў некалькі лодак, якія ўдзельнічалі ў рэгаце. Людзей давялося ратаваць пажарным. Яны таксама пазычылі медычным установам электрагенератары.

Сіноптыкі на сёння прагназуюць у Польшчы навальніцы і моцны вецер. Пажарная служба заклікае людзей быць асабліва ўважлівымі, не хавацца пад дрэвамі, сачыць за прагнозам надвор'я, на час навальніцы застацца ў будынку.

IAR/нг