Урад партыі «Права і справядлівасць» (PiS) ставіць бяспеку на першае месца, заявіў міністр дзяржаўнай маёмасці Яцэк Сасін на сустрэчы ў Кураве на ўсходзе Польшчы. Ён запэўніў, што жыхары Падляскага ваяводства, якое знаходзіцца на мяжы з Беларуссю, могуць адчуваць сябе ў бяспецы.
«Мы, урад PiS, падтрымліваем палякаў праз сацыяльныя праграмы, такія як 800 плюс (...), такія як трынаццатая і чатырнаццатая пенсія (...), але перш за ўсё мы клапоцімся пра бяспеку», – сказаў Сасін.
Ён дадаў, што гэтая бяспека, асабліва на Падляшшы, «з'яўляецца сёння вялікім выклікам».
«У нас ёсць суседзі, небяспечныя суседзі – я кажу пра Расію. Пра Беларусь тут, на Падляшшы, не трэба нікому распавядаць, бо тут сустракаюцца гэтыя два светы, свет свабоды, свет дэмакратыі і свет тыраніі», – адзначыў Сасін.
Па словах міністра, цяпер мяжу з Беларуссю эфектыўна ахоўваюць сілавікі, а таксама плот, пабудаваны на ёй па рашэнні ўраду.
У нядзелю на пад’язных дарогах да Курава былі развешаныя перадвыбарчыя плакаты выбарчага камітэту PiS з выявай Яцэка Сасіна і лозунгам «Ганаруся Усходняй Польшчай». Пэўны час у рэгіёне гаварылася, што Яцэк Сасін адкрые спіс кандыдатаў ад партыі ў сейм на Падляшшы, але пакуль ніхто не пацвердзіў гэтую інфармацыю.
PAP/нг