Беларуская Служба

Польскі прэзідэнт узяў удзел у парадзе Пуласкага ў Нью-Ёрку

01.10.2023 17:12
Сёння прэзідэнт Анджэй Дуда далучыўся да найбуйнейшага святкавання польскай дыяспары ў ЗША.
Прэзідэнт Польшчы Анджэй ДудаPAP/Art Service

У другой палове дня па польскім часе па Манхэтэне ў Нью-Ёрку адбыўся штогадовы парад Пуласкага. У ім узялі ўдзел некалькі тысяч чалавек.

Парад Пуласкага сёлета ладзіцца ў 86-ы раз і пачаўся імшой у саборы Святога Патрыка. Пасля палякі з бела-чырвонымі сцягамі прайшлі па Пятай авеню на Манхэтэне.

Як кажа Войцех Масьлянка, польскі журналіст з Нью-Ёрку, марш з’яўляецца знакам прысутнасці палякаў у ЗША. «Пятае авеню становіцца чырвона-белым, вуліца на шмат гадзін аддаецца палякам. Наш парад — адзіны, акрамя ірландскага, які праходзіць па Пятай авеню. Усе астатнія ідуць іншымі шляхамі», — кажа Войцех Масьлянка.

Сёлета да польскай дыяспары на парадзе далучыўся прэзідэнт Анджэй Дуда. Гэта першы раз, калі дзейны прэзідэнт Польшчы бярэ ўдзел у мерапрыемстве, якое называюць найбуйнейшым святам палякаў у ЗША.

Парад названы ў гонар генерала Казіміра Пуласкага, аднаго з польскіх герояў вайны за незалежнасць ЗША, які загінуў у бітве пры Саване, штат Джорджыя, 11 кастрычніка 1779 года.

ПР/юл