Беларуская Служба

Міністр юстыцыі Збігнеў Зёбра падтрымлівае смяротнае пакаранне

04.10.2023 16:55
Міністр юстыцыі з'яўляецца прыхільнікам смяротнай кары. Збігнеў Зёбра (Zbigniew Ziobro) заявіў, што гэта неабходнае і эфектыўнае пакаранне.
Ілюстрацыйнае фотаShutterstock/trevorb

Міністр пракаментаваў падачу ў Вярхоўны суд касацыйнай скаргі на прысуд у дачыненні да чалавека, які закатаваў да смерці трохгадовага хлопчыка Нікадэма. Суд прысудзіў жыхара Влоцлаўка да 25 гадоў турмы. Генпракурор будзе патрабаваць пажыццёвага зняволення.

Каментуючы гэтую справу, Збігнеў Зёбра заявіў, што выступае за тое, каб самыя страшныя злачынствы караліся смерцю. «Адмена смяротнага пакарання была вымушана нямецкім заканадаўствам. Гэта было невыпадкова, многія нацысты чакалі смяротнага пакарання. Што тычыцца майго пункту гледжання, то яно супадае з пунктам гледжання, напрыклад, амерыканскай дактрыны. Наш галоўны саюзнік (ЗША. – Рэд.) сыходзіць з прынцыпу, што смяротнае пакаранне зʼяўляецца найбольш справядлівым, апраўданым і эфектыўным. Я выказваю такі ж пункт гледжання. Але паколькі мы ў Еўрапейскім саюзе, я паважаю яго і ведаю, якія правілы з ім звязаныя, я прапаную абавязковае пажыццёвае зняволенне, і я маю права выказаць сваё меркаванне, таму што мы ў свабоднай дэмакратычнай краіне», – сказаў Зёбра.

Апошні смяротны прысуд быў прыведзены ў выкананне ў Польшчы ў 1988 годзе. Пазней суды выносілі смяротнае пакаранне, але быў уведзены мараторый на яго выкананне. Канчаткова смяротнае пакаранне было адменена ў Польшчы ў 1998 годзе.

Забарона на вынясенне і прывядзенне ў выкананне смяротнага пакарання ў мірны час дзейнічае на ўсёй тэрыторыі Еўрасаюза.

IAR/вх