Беларуская Служба

Упершыню ў Каралеўскай бібліятэцы ў Варшаве можна пабачыць больш за 90 карцін з прэстыжных установаў Украіны

06.10.2023 17:10
Выстава з’яўляецца адсылкай да міфа пра Львоў як пра ўнікальнае месца.
  .
Выстава "Геній Львова. Львоў як цэнтр мастацтва і яго мастацкія зборы" PAP/Tomasz Gzell

Упершыню ў Каралеўскай бібліятэцы ў Варшаве можна пабачыць больш за 90 карцін і скульптур з Мастацкай галерэі Барыса Вазніцкага і збораў Гістарычнага музею Львова. На выставе пад назвай «Геній Львова. Львоў як цэнтр мастацтва і яго мастацкія калекцыі» прадстаўлены выдатныя ўзоры еўрапейскага і польскага жывапісу: Яна Матэйкі, Войцеха Косака, Артура Гротгера і Генрыка Семірадскага.

Дырэктар Каралеўскага замка ў Варшаве прафесар Войцех Фалькоўскі сказаў, што выстава з’яўляецца адсылкай да міфа пра Львоў як пра ўнікальнае месца: шматкультурнае, шматрэлігійнае, якое адначасова выклікае ў нашых думках і памяці веліч Рэчы Паспалітай. Выстава таксама з'яўляецца сведчаннем салідарнасці з украінскім народам. «Ёсць аспект захавання гэтых помнікаў ад варварства, якое ідзе з Усходу, ад расійскай агрэсіі. Нашы ўкраінскія калегі з карціннай галерэі і гістарычнага музею хацелі такім чынам абараніць найбольш каштоўную частку сваіх калекцый. У Варшаве яны не толькі будуць у бяспецы, але мы будзем весці навучальную працу тут разам з калегамі з Украіны і іншых еўрапейскіх краін – таму што гэта будзе міжнародная праграма – па развіцці гэтых калекцый», – сказаў Войцех Фалькоўскі.

У Каралеўскай бібліятэцы ў Каралеўскім замку ў Варшаве да 14 студзеня 2024 г. будзе экспанавацца выстава »Геній Львова. Львоў як цэнтр мастацтва і яго мастацкія зборы«.
Выставу суправаджае навукова-асветніцкая праграма, а таксама багата ілюстраваны каталог.

ав