Беларуская Служба

Рэакцыя Польшчы на ракетны ўдар РФ па вёсцы Граза: Расію трэба спыніць!

06.10.2023 17:52
Варожая ракета трапілі ў мясцовы магазін і суседняе кафэ, дзе адбываліся памінкі па ўкраінскаму ваеннаму. На месцы трагедыі загінулі больш за 50 чалавек, пераважна жанчыны.
Расійскія акупанты нанеслі ракетны ўдар па сялу Граза Харкаўскай вобласці УкраіныФота: PAP/EPA/PAVLO PAKHOMENKO

Расію трэба спыніць і працягнуць падтрымліваць Украіну ў барацьбе з тэрарызмам, – так кіраўнікі МЗС Польшчы, Нямеччыны і іншых краінаў адрэагавалі на ракетны абстрэл Купянскага раёну Харкаўскай вобласці Украіны, у выніку якога загінулі 52 мірныя жыхары.

Міністр замежных спраў Польшчы Збігнеў Рау адрэагаваў на атаку па вёсцы Граза Харкаўскай вобласці. Кіраўнік МЗС заклікаў як мага хутчэй спыніць агрэсара.

«Больш за 50 чалавек загінулі ў выніку чарговай жорсткай атакі расійскага агрэсара пад Купянскам. Расію трэба як мага хутчэй спыніць і прыцягнуць да адказнасці за ўсё яе варварства. Я аддаю даніну павагі загінулым і спачуваю іх сем'ям», – заявіў польскі дыпламат.

У сваю чаргу, міністр замежных спраў ФРГ Аналена Бербак запэўніла, што Берлін зробіць усё магчымае, каб абараніць Украіну ад пуцінскага ракетнага тэрору.

«Пакуль на супермаркеты і кавярні працягваюць падаць бомбы, мы будзем рабіць усё магчымае, каб абараніць Украіну ад пуцінскага ракетнага тэрору. Пакуль штодзённае жыццё без страху і смерці не стане зноў магчымым», – абяцала кіраўніца нямецкай дыпламатыі.

Міністр замежных спраў Ісландыі Тордзіс Колбрун Рэйкфʼёрдур Гілфадоцір заявіла, што атака на вёску – чарговы напамін пра варварскі характар вайны Расіі супраць Украіны.

Расійскія акупанты нанеслі ракетны ўдар па сялу Граза Харкаўскай вобласці 5 кастрычніка ў 13.15. Варожая ракета трапілі ў мясцовы магазін і суседняе кафэ, дзе адбываліся памінкі па ўкраінскаму ваеннаму. На месцы трагедыі загінулі больш за 50 чалавек, пераважна жанчыны. У вясковым кафэ ладзілі трызну, таму многа людзей сабраліся ў адным месцы. Агулам у гэтай вёсцы пражывае каля 400 чалавек. Расія атакавала населены пункт ракетай «Іскандэр».

Міністр унутраных справаў Украіны Ігар Кліменка заявіў, што ўдар быў настолькі дакладным, што ёсць падазрэньне аб наводцы кімсьці з мясцовых жыхароў. Сярод іншых, у выніку ракетнага ўдару па вёсцы загінула ўдава і сын вайсковага, па якому спраўлялі трызну. Тэракт расійскіх вайскоўцаў у вёсцы Граза стаў самым крывавым злачынствам, учыненым расіянамі ў Харкаўскай вобласці з пачатку поўнамаштабнага ўварвання.

У інтэрнэце апублікавалі відэа, на якім зафіксаваныя целы забітых мірных украінцаў.

«Гэты жах поўны, да дрыготкіх рук і зніклых слёз. Калі на двары поўна целаў. Яны ляжаць адразу на некалькіх пляцоўках. Грузавікі едуць па іх адзін за адным. Іх грузяць, а як быццам бы менш іх не становіцца. Сваякі чакаюць апазнання родных. Ведаюць асабіста кожнага забітага тут чалавека. Пахне крывёю, недзе званіць тэлефон. Гук з белага акрываўленага меха. Няма магчымасці адказаць або скінуць, экран тэлефон разбіты выбухам», – распавёў адзін з відавочцаў разбору завалаў у вёсцы Граза Харкаўскай вобласці.

gazeta.pl/ez