Беларуская Служба

Польскае МЗС рэкамендуе адмовіцца ад паездак у Ізраіль

08.10.2023 08:35
«Сітуацыя складаная і вельмі дынамічная. Пераходаў на мяжы з Іарданіяй няма».
MSZ wprowadziło czwarty poziom ostrzeżenia dla podróżujących na całym terytorium Izraela
MSZ wprowadziło czwarty poziom ostrzeżenia dla podróżujących na całym terytorium Izraelagov.pl

Міністэрства замежных спраў Польшчы ўвяло чацвёрты, самы высокі ўзровень папярэджання для падарожнікаў па ўсім Ізраілі і раіць адмовіцца ад паездак у гэтую краіну. У апублікаванай заяве гаворыцца, што амбасада Польшчы ў Ізраілі з пачатку крызісу падтрымлівае пастаянны кантакт з польскімі грамадзянамі, якія там пражываюць.

«Сітуацыя складаная і вельмі дынамічная. Пераходаў на мяжы з Іарданіяй няма», – чытаем у паведамленні.

Міністэрства замежных спраў рэкамендуе польскім грамадзянам, якія знаходзяцца ў Ізраілі, застацца ў надзейным прытулку і звяртацца ў адпаведную ўстанову. З-за практычна поўнага закрыцця аэрапортаў і абмежаванняў на памежных пераходах эвакуацыя на дадзены момант немагчымая.

Міністэрства таксама заклікала сачыць за сацыяльнымі сеткамі ўстановаў і МЗС, дзе пастаянна будзе публікавацца інфармацыя, важная з пункту гледжання польскіх грамадзян, якія пражываюць у Ізраілі.

Учора раніцай ХАМАС выпусціў у бок Ізраілю не менш за дзве з паловай тысячы ракет. Некалькі дзясяткаў баевікоў таксама праніклі на тэрыторыю Ізраілю. Уначы было выпушчана больш ракет. У адказ на напады Ізраіль абстрэльвае сектар Газа. Ізраільскія ўлады спынілі электразабеспячэнне палестынскага анклава.

IAR/нг