Беларуская Служба

Анджэй Дуда асудзіў антысеміцкія лозунгі, якія паявіліся падчас мерапрыемства ў Варшаве

22.10.2023 18:34
Гэта было шэсце супраць ізраільскай аперацыі ў сектары Газа.
.    .
Ілюстрацыя. Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда.Фота: Andrzej Hulimka/Forum

Прэзідэнт Анджэй Дуда рашуча асудзіў антысеміцкія лозунгі, якія з‘явіліся ўчора падчас арганізаванага ў Варшаве маршу супраць ізраільскай аперацыі ў сектары Газа. Расцяжку з антысеміцкім лозунгам быццам бы прынесла студэнтка Варшаўскага медычнага ўніверсітэту з Нарвегіі.

Анджэй Дуда ў заяве, апублікаванай у сацыяльных сетках, падкрэсліў, што палякі – з-за памяці аб забітых падчас Галакосту – ніколі не могуць пагаджацца на якія-колечы праявы антысемітызму ў любой форме. «Любыя прыкметы гэтага выклікаюць наша глыбокае абурэнне. У Польшчы няма згоды на выказванне нянавісці да каго-небудзь. Гэта цалкам супярэчыць каштоўнасцям, на якіх грунтуецца Рэспубліка Польшча», – напісаў прэзідэнт.

Улады ВМУ таксама пракаментавалі гэтае пытанне і ўжо прынялі адпаведныя меры, прадугледжаныя законам. «Асноўныя каштоўнасці ўніверсітэту – павага да кожнага чалавека. Мы адназначна асуджаем любыя праявы нянавісці, у тым ліку па нацыянальнай і расавай прыкмеце. Інцыдэнт адбыўся каля Варшаўскага медычнага ўніверсітэту», – гаворыцца ў паведамленні ўніверсітэту.

IAR/нг