Беларуская Служба

Службы канфіскавалі больш за 37 мільёнаў штук безакцызных цыгарэт

03.11.2023 08:02
Нелегальны тавар трапіў у Польшчу, хутчэй за ўсё, з Дубаю.
Цыгарэтыgeralt /pixabay.com/CC0 Public Domain

Службы канфіскавалі больш за 37 мільёнаў штук безакцызных цыгарэт на суму больш за 28 мільёнаў злотых. Нелегальны тавар трапіў у Польшчу, хутчэй за ўсё, з Дубаю. Калі б цыгарэты патрапілі на польскі рынак, страты дзяржаўнага бюджэту склалі б больш за 46 мільёнаў злотых.

Шлях кантрабанды цыгарэт быў ліквідаваны Мазавецкай нацыянальнай падатковай адміністрацыяй сумесна з Цэнтральным следчым упраўленнем паліцыі.

У прэс-службе ўпраўлення распавялі, што справа пачалася з таго, што ў ліпені функцыянеры выявілі цыгарэты без польскіх акцызных марак на складзе сталярнай майстэрні ў Вялікапольскім ваяводстве. У выніку супрацоўнікі канфіскавалі больш за 7,5 мільёна штук нелегальных цыгарэт. Маркіроўка на цыгарэтах паказала, што тавар мог быць выраблены ў Аб'яднаных Арабскіх Эміратах. На падставе гэтага дзеяння пракуратура ў Познані распачала расследаванне.

Гэта прывяло да канфіскацыі яшчэ адной партыі цыгарэт. На мінулым тыдні службы абшукалі два кантэйнеры ў порце Гданьска. Былі знойдзены амаль 30 мільёнаў цыгарэт розных марак без польскіх акцызных знакаў. Яны прыбылі ў польскі порт з Дубаю. Частка гэта так званыя ментолавыя цыгарэты, вытворчасць якіх забароненая ў Еўрасаюзе.

Агулам падчас абедзвюх акцый службы канфіскавалі больш за 37 мільёнаў цыгарэт на суму больш за 28 мільёнаў злотых. Калі б тытунёвыя вырабы былі выпушчаныя ў продаж, страты дзяржаўнага бюджэту склалі б больш за 46 мільёнаў злотых.

ав