Падведзены вынікі прэстыжнай прэміі ў сферы незалежнай беларускай літаратуры. Прэмію імя Ежы Гедройца атрымала пісьменніца і журналістка з Падляшша – Ганна Кандрацюк. Яе кніга „У прысценку старога лесу. Гісторыі людзей з Белавежскай пушчы”, была прызнаная журы лепшай, з выдадзеных у 2022 годзе. Пра тое, каму яе прысвяціла, гаворыць лаўрэатка прэміі:
– Адчуваю такую спакойную радасць і хачу сказаць, што гэтую ўзнагароду ўспрымаю, як узнагароду для маіх герояў і для Белавежскай пушчы.
Сёлетняя прэмія імя Ежы Гедройца – не першая ў беларусаў з Падляшша. У 2019 годзе другое месца атрымаў – Міхал Андрасюк з кнігай „Поўня”, якую таксама, як і кнігу Ганны Кандрацюк, выдаў – тыднёвік „Ніва”. Што на думку сёлетняй лаўрэаткі не можа не абнадзейваць:
– Гэта проста доказ, што мы яшчэ не выдыхаліся, што мы маем свае ідэі, маем свае тэмы. Перш за ўсё мы людзі, якія любяць літаратуру, якія любяць мастацтва. Так што мы рэалізуем сябе так, як іншыя людзі ў кожным іншым цывілізаваным месцы. Ток, што робім гэта ва ўмовах нацыянальнай меншасці, дае для нас пазітыўны зарад, што варта захаваць сваю душу, што варта быць свайму паходжанню і мове.
Другое месца ў сёлетняй прэміі імя Ежы Гедройца атрымаў Сцяпан Стурэйка за кнігу „Пасажыры карабля Тэсея”. І трэцяе месца – Сяргей Лескець за кнігу „Шэпт”.
Радыё Рацыя
нг