У варшаўскай Фундацыі Humanosh адбылася прэзентацыя новага праекта арганізацыі – Humanosh House (Дом Гуманоша). Праект накіраваны на мастацкую інтэграцыю жыхароў Мірных дамоў. У гэтых дамах могуць часова пражываць бежанцы, якія прыязджаюць у Польшчу ў пошуках прытулку.
На дадзены момант гэта ў асноўным бежанцы з Украіны, але першы Мірны дом быў створаны для выхадцаў з Беларусі. Зараз такіх аб'ектаў ужо чатыры, усе былі збудаваныя дзякуючы намаганням фундацыі.
Арт-дырэктар Humanosh House Іна Гончак кажа, што ў дамах жывуць як бежанцы з Беларусі, якім прыйшлося пакінуць краіну ў выніку палітычных рэпрэсій, так і ваенныя бежанцы з Украіны, а нават уцекачы з Афганістана.
- Такія людзі замкнутыя ў сабе, яны патрабуюць дапамогі. Дапамогі з афармленнем дакументаў, юрыдычнай, псіхалагічнай, з навучаннем. Дзеці, якія сюды прыязджаюць, павінны вучыцца. Мы шукаем выкладчыкаў, якія будуць іх інтэграваць, маем курсы польскай і англійскай мовы. Гэта дапамагае ім адчуваць сябе людзьмі.
Зараз у чатырох дамах пражывае больш за 100 чалавек. Спіс жыхароў пастаянна мяняецца, людзі знаходзяць працу, кватэры, становяцца самастойнымі і зʼязджаюць.
нг