Беларуская Служба

Працадаўцы на траціну менш адгукаюцца на рэзюмэ ўкраінак, чым полек

31.01.2024 17:28
Рэакцыя працадаўцаў на рэзюмэ ўкраінак амаль на 30 працэнтаў меншая, чым на рэзюмэ полек з такімі ж кампетэнцыямі і дасланыя на тыя ж пасады. Польскі эканамічны інстытут апублічыў даклад «Уцекачы з Украіны на польскім рынку працы: магчымасці і перашкоды».
Obywatele Ukrainy na Dworcu Głównym PKP w Przemyślu
Obywatele Ukrainy na Dworcu Głównym PKP w PrzemyśluPAP/Darek Delmanowicz

Інстытут правёў якаснае даследаванне – інтэрв'ю з бежанцамі і эксперымент з рассыланнем сфабрыкаваных рэзюмэ ў адказ на рэальныя абʼявы аб працы. Адрозненні ў адказах працадаўцаў тычыліся абʼяў без патрабавання да спецыяльных навыкаў.

Намеснік дырэктара Польскага эканамічнага інстытута Анджэй Кубісяк адзначыў, што ў Польшчы самы высокі ў Еўропе ўзровень прафесійнай актыўнасці бежанцаў з Украіны – 65 працэнтаў. Але ён таксама звярнуў увагу на дыскрымінацыю на рынку працы.

«На польскім рынку працы таксама назіраецца нязначная, але ўсё ж дыскрымінацыя бежанцаў», – сказаў Анджэй Кубісяк. «Гэта зʼява не адрозніваецца ад таго, што адбываецца на іншых рынках. Гэта цалкам класічныя механізмы працаўладкавання работнікаў ніжэй за кваліфікацыю і кампетэнцыю. Гэта таксама больш нізкія заробкі. Сярэдні заробак бежанцаў у Польшчы бліжэй да мінімальнага заробку ў нашай краіне, чым да медыяннага ў эканоміцы», – сказаў намеснік дырэктара Інстытута.

Анджэй Кубісяк паведаміў, што пасля аналізу вынікаў даследавання PIE падрыхтаваў рэкамендацыі: уключэнне бежанцаў у сацыяльнае і эканамічнае жыццё, курсы польскай мовы, бо няведанне мовы – «галоўная перашкода» для працаўладкавання. Акрамя таго, ён звярнуў увагу на неабходнасць дэталёвага маніторынгу таго, што адбываецца з бежанцамі на польскім рынку працы і ўключэння дзяцей у сістэму адукацыі.

Бежанцы працуюць ніжэй за сваю кваліфікацыю часцей, чым даваенныя мігранты. Ключавым элементам у працэсе пошуку працы, асабліва ў кантэксце яе адпаведнасці навыкам, зʼяўляецца веданне мовы. Даследаванні паказваюць, што 82 працэнты бежанцаў, якія размаўляюць па-польску, працуюць. Гэта больш чым на 30 працэнтаў больш, чым сярод тых, хто не ведае польскай мовы.

IAR/вх