Урады Польшчы і Украіны маюць выпрацаваць сістэму ліцэнзаванага ўвозу на польскі рынак сельскагаспадарчай прадукцыі з Усходу.
На мінулым тыдні напярэдадні Велікодных свят у Варшаве адбыліся польска-ўкраінскія міжурадавыя кансультацыі на тэму блакады мяжы і гандлю сельгаспрадукцыяй. Польшча ўтрымлівае эмбарга на пастаўкі збожжа з Украіны, дазваляючы транзіт гэтых тавараў. Пагадненне аб абмежаванні паступлення некаторых сельскагаспадарчых тавараў з Украіны дзейнічае, у тым ліку, у Румыніі і Балгарыі.
Украінскі бок заяўляе, што прымае гэтую сітуацыю, хоць яна і непрыемная для ўкраінскіх экспарцёраў. Афіцыйны Кіеў кажа, што разумее, што гэта свайго роду кампраміс, каб экспарт з Украіны не шкодзіў польскім сельскагаспадарчым прадпрыемствам.
У Варшаве, прэм'ер-міністр Дзяніс Шмыгаль запэўніў, што ўкраінскае збожжа больш не будзе паступаць у Польшчу, таму што ўрад у Кіеве ўвёў працэдуру ліцэнзавання экспарту сельскагаспадарчых прадуктаў, без якой вываз не можа адбывацца. Цяпер Украіна не выдае такіх дазволаў.
- Сёння ўкраінскае збожжа не трапляе на польскі рынак. Наш урад увёў працэдуру праверкі па чатырох прадуктах — кукурузе, рапсу, сланечніку і пшаніцы. Без ліцэнзіі іх экспарт ажыццяўляцца не можа. Зараз такіх дазволаў мы не выдаём. Мы выдадзім іх толькі пасля кансультацыі з польскім урадам.
Украінскі прэм’ер прадставіў прапановы па вырашэнні спрэчных пытанняў па імпарце збожжа. Ён таксама распавёў пра тое, наколькі важна для яго краіны, каб межы не былі перакрытыя.
- Украіна ўжо разблакавала транспарт праз Чорнае мора. Сёлета з 17 мільёнаў тон сельгаспрадукцыі толькі два мільёны тон мы адправілі наземным транспартам праз заходнюю мяжу. Астатняе адпраўляецца морам або па Дунаі. Але водны калідор вельмі ўражлівы, калі справа даходзіць да нападаў. Таму пакуль патрэбныя калідоры салідарнасці.
Пры гэтым украінскі прэм’ер падзякаваў польскаму ўраду ды парламенту за зварот у Еўракамісію з нагоды забароны імпарту расійскай і беларускай сельскагаспадарчай прадукцыі.
У сваю чаргу польскі прэм'ер-міністр Дональд Туск заявіў, што нішто не зможа сапсаваць сяброўства, салідарнасць і супрацоўніцтва паміж Польшчай і Украінай. Дональд Туск падкрэсліў, што, нягледзячы на некаторыя рознагалоссі, польска-украінскія адносіны застаюцца на добрым узроўні.
- Мы блізкія да выпрацоўкі такіх рамак транзіту, каб ён не псаваў польскі рынак. Гэта ж тычыцца ЕС, украінскі бок не вельмі задаволены, але мы шукаем варыянтаў, каб было як найменш балюча для Украіны.
Дональд Туск нагадаў, што бакі дамовіліся аб супрацоўніцтве ў сферы адзінай сістэмы кантролю харчовых прадуктаў на мяжы ды абмене інфармацыяй, каб пакласці канец спекуляцыям наконт нізкай якасці і бяспекі украінскай сельскагаспадарчай прадукцыі ў Польшчы.
- Карацей кажучы, нам ідзецца пра тое, каб магчымасці працы польскіх ды украінскіх фірм былі на тым самым узроўні, каб былі аднолькавыя патрабаванні ды ўмовы. Гэта азначае, што украінцам давядзецца прыкласці намаганні, а палякам прадэманстраваць зразуменне ды цярплівасць.
Бакі прасунуліся ўперад у сельскагаспадарчых пытаннях, пра гэта заявілі абодва прэм'еры пасля міжурадавых кансультацый у Варшаве. Дамова паміж Польшчай і Украінай аб сельскай гаспадарцы і разблакаванне мяжы магчымыя ў красавіку, сказаў у інтэрв'ю Польскаму радыё міністр аграрнай і харчовай палітыкі Украіны Мікалай Сольскі.
- Прапановы кампрамісу ўжо ёсць. Гэта афіцыйная пазіцыя ЕС, але будуць абмежаванні па некаторых прадуктах. Тут адбылося супадзенне інтарэсаў Польшчы і Францыі. Мы спакойна ставімся да гэтага. У гандлі гэта нармальны працэс, тым больш для нас, хто імкнецца ў ЕС. У гэтым няма трагедыі, тым больш з намі размаўляюць, нават у вострым фармаце. Гэта нас набліжае да ЕС, унутры Еўрасаюза сельскагаспадарчыя пытанні не раз выклікалі гарачыя спрэчкі. Так дасягаецца кампраміс, які дазваляе краінам развівацца. Хай не ўсе задаволеныя, але ў гэтым сутнасць кампрамісу, галоўнае, што ёсць здаровыя перамовы і нармальны працэс.
Амбасадары краін-удзельніц у Бруселі дамовіліся аб змене пагаднення аб бязмытным гандлі з Украінай і падаўжэнні абмежаванняў на імпарт сельскагаспадарчай прадукцыі. Ідзецца пра падаўжэнне перыяду, які будзе ўлічвацца пры ўстанаўленні лімітаў на ўвоз.
Падрыхтаваў Юры Ліхтаровіч