Беларуская Служба

Ад сёння ў кінатэатрах паказваюць фільм «Чырвоныя макі» пра ўзяцце палякамі Монтэ-Касіна

05.04.2024 09:26
«У ім паказана асабістая матывацыя, рашучасць змагацца з немцамі, змагацца за Польшчу, але таксама паказаны страх асобных людзей. Калі побач з намі падаюць бомбы (...) усе хочуць зберагчы сваё жыццё.»
Кадр з фільма «Чырвоныя макі»https://www.youtube.com/watch?v=ZpALdfikr5o

Карціна створана з нагоды 80-годдзя ўзяцця жаўнерамі 2-га Польскага корпуса выдатна ўмацаваных і жорстка абароненых немцамі Монтэ-Касіна і бенедыктынскага абацтва, што адкрыла саюзнікам шлях на Рым.

«Кранальны, эпічны фільм пра ўзяцце Монтэ-Касіна» — так ацэньвае «Чырвоныя макі» кіраўнік Упраўлення па справах ветэранаў і ахвяр рэпрэсій Лех Парэль.
Лех Парэль кажа, што гэта неардынарная праца, якая нагадвае пра высілкі жаўнераў 2-га Польскага корпуса.

«Пастаноўка маштабная, захапляльная, эпічная, выдатная акцёрская гульня. Перш за ўсё, яна распавядае пра самую важную бітву для польскіх узброеных сіл на Захадзе. Мы страцілі там 10 працэнтаў асабовага складу, але ў той жа час мы з вялікай славай усталявалі бела-чырвоны сцяг на руінах манастыра».

Лех Парэль дадае, што фільм паказвае барацьбу за Мoнтэ-Касіна ў розных аспектах.

«У ім паказана асабістая матывацыя, рашучасць змагацца з немцамі, змагацца за Польшчу, але таксама паказаны страх асобных людзей. Калі побач з намі падаюць бомбы, няма адважных, усе баяцца, усе хочуць зберагчы сваё жыццё.»

Упраўленне па справах ветэранаў і ахвяр рэпрэсій, якое з'яўляецца арганізатарам цырымоніі з нагоды 80-годдзя ўзяцця Монтэ-Касіна ў Польшчы і Італьянскай Рэспубліцы, уключыла ў юбілейныя мерапрыемствы фільм «Чырвоныя макі».

Узвышша і манастыр на яго вяршыні былі захоплены 18 мая 1944 года — раніцай таго дня жаўнеры 12-га палка падольскіх уланаў усталявалі бела-чырвоны сцяг на вяршыні гары, якую люта абаранялі немцы. У баях за Монтэ-Касіна, якія працягваліся 13 дзён, загінулі 923 польскія жаўнеры і каля 3 тысяч былі параненыя.

Рэжысёрам фільма «Чырвоныя макі» з'яўляецца Кшыштаф Лукашэвіч.

яс/IAR