Беларуская Служба

У чацвер у Беластоку пачынаецца фестываль «Усход культуры – іншае вымярэнне». Уваход вольны на ўсе пляцоўкі!

21.08.2024 13:18
Пасля Жэшава і Любліна распачынаецца беластоцкая частка фестывалю «Усход культуры – іншае вымярэнне».
.
.Фота з адкрытых крыніц.

Гэты фестываль ад пачатку свайго існавання прадстаўляе багацце шматкультурнасці Падляшша, Беласточчыны, дзе на працягу стагоддзяў побач жылі палякі, беларусы, татары, рускія, украінцы, літоўцы, габрэі і немцы. Дырэктар Беластоцкага асяродка культуры Гражына Дваракоўска падкрэсліла, што гэты культурны плавільны кацёл прадстаўляюць сучаснаму гледачу пераважна мастакі маладога пакалення.

Запланаваныя канцэрты: ад року, поп-музыкі, джазу, індзі да электронікі. Выступяць: Anna Szafranowska, Osoczniki, Mikromusic, MARMO, Maciejowa Kapela, Grubson, Marika, Skubas, Mir, Kwiat Jabłoni, Jazzbaja Niedbała/Sikora/Przewoźniak Trio, Partes, Runforrest, Tappahall, Luteduo plus, Szeptucha і Zazula.

У гэтым годзе ў праграме фестывалю «Усход культуры – іншае вымярэнне» больш за 30 мерапрыемстваў, уваход на якія, як заўсёды, вольны. Акрамя канцэртаў тут ладзяць выставы, спектаклі, майстар-класы і архітэктурна-гістарычны шпацыр. Фестываль у Беластоку працягнецца да нядзелі.

Падрабязную праграму глядзіце ТУТ.

Фестываль ладзіцца з 2013 года ў рамках праекта «Усход культуры», які звязвае Беласток, Люблін і Жэшаў з краінамі Усходняга партнёрства. Ідэя праекта — сумеснае адкрыццё ўнікальнага ў кожнай культуры, творчы дыялог, абмен вопытам і мастацкімі адчуваннямі.

IAR/вх