Беларуская Служба

Зброя з усяго свету ў Польшчы — пачынаецца Міжнародная выстава абароннай прамысловасці ў Кельцах

03.09.2024 08:15
Пачынаецца 32-я Міжнародная выстава абароннай прамысловасці ў Кельцах.
    (MSPO)  .  .
Міжнародная выстава абароннай прамысловасці (MSPO) у Кельцах. Архіўнае фота.targikielce.pl

Прэзентацыі інавацыйных ваенных тэхналогій і экспертныя дэбаты запланаваны ў рамках 32-й Міжнароднай выставы абароннай прамысловасці (MSPO) у Кельцах.

У выставе возьмуць удзел больш за 830 кампаній з усяго свету, уключна з ЗША, Аўстраліяй і Паўднёвай Карэяй. Міжнародная выстава абароннай прамысловасці — адзін з найважнейшых кірмашоў абароннай прамысловасці ў свеце, выстава арганізуецца з 1993 года.

Міністр нацыянальнай абароны Уладыслаў Касіняк-Камыш і кіраўнік Бюро нацыянальнай бяспекі Яцэк Севера прэзентуюць каталог з экспартнымі прапановамі польскіх зброевых кампаній.

Падчас сёлетняга кірмашу Polska Grupa Zbrojeniowa (PGZ), стратэгічны партнёр MSPO, прадставіць свае апошнія дасягненні пад лозунгам «Правераныя ў баях рашэнні». На выставе, сярод іншага, будуць: гаўбіца Krab, папулярны ракетны комплекс Piorun ад MESKO.

Больш за 400 польскіх кампаній возьмуць удзел у 32-ой Міжнароднай выставе абароннай прамысловасці ў Кельцах.

Спецыяльным госцем MSPO будзе Украіна — яе прадставяць ваенныя кампаніі, плануецца прысутнасць урадавай дэлегацыі, у складзе якой міністр стратэгічнай прамысловасці Аляксандр Камышын.

Сёлетні кірмаш — гэта не толькі выставы і дзелавыя перамовы, але таксама дэбаты і форумы, у тым ліку ўкраінска-польскі форум абароннай прамысловасці, абмеркаванне стратэгіі НАТАі супрацоўніцтва паміж абароннымі кампаніямі і грамадзянскімі прадпрыемствамі. Усяго запланавана 18 канферэнцый і семінараў.

7 верасьня падчас Дня адкрытых дзвярэй і юбілейнай Выставы Войска польскага з нагоды «25-годдзя  Польшчы ў НАТА» наведнікі змогуць убачыць, сярод іншага, БТР Rosomak і танкі Leopard, а таксама паразмаўляць з салдатамі. Усяго будзе прадстаўлена некалькі дзясяткаў машын, якія выкарыстоўваюцца ў Войску Польскім. Уваход будзе вольны і адкрыты для ўсіх.

PAP/вх