У свеце цяпер каля 150 мільёнаў бежанцаў і ад 300 да 400 мільёнаў мігрантаў, якія шукаюць працу за межамі сваёй радзімы.
Старшыня Рады епіскапату Польшчы па справах мігрантаў і бежанцаў біскуп Кшыштаф Задарка (Krzysztof Zadarko) на канферэнцыі перад Днём мігранта звярнуў увагу на неабходнасць будаваць адносіны з людзьмі, якія прыехалі жыць у Польшчу.
«Разам з імі мы ствараем адзін народ, не толькі ахрышчаны, але і народ, які разам накіроўваецца да Нябеснай Бацькаўшчыны, таму прысутнасць людзей іншых культур і іншых рэлігій у нашай краіне з’яўляецца выклікам для Касцёла, хрысціян, прыняць тых, хто просіць аб дапамозе, але і выклік будаваць з імі адносіны на ўзроўні міжрэлігійнага і міжкультурнага дыялогу», — падкрэсліў біскуп Задарка.
Ён дадаў, што ў Польшчы існуе 2-мільённая ўкраінская супольнасць, ад 300 да 500 тысяч беларусаў і дзясяткі тысяч прыезджых з Азіі, Афрыкі і Блізкага Усходу.
Старшыня Рады па справах мігрантаў і бежанцаў перасцярог ад стомленасці ў дапамозе ўцекачам з Украіны:
«Нашае грамадства настолькі стомленае, ці варта сапраўды дапамагаць, ці трэба будаваць супольную будучыню з украінцамі ў Польшчы, ці маем мы права чакаць ад тых, хто прыехаў сюды, выканання пэўных умоў, у тым ліку павагі да нашай традыцыі і гістарычнай памяці. Але мы не маем вырашаных пытанняў з нашай мінуўшчыны, як, напрыклад, гісторыя Валыні, таксама гэта тычыцца і ранейшых нявырашаных гісторый», — сказаў біскуп Задарка.
Ён заклікаў палякаў не губляць пачуцця любові, якая павінна быць разважлівай, але не можа згаснуць.
Дабрачынную дапамогу бежанцам Caritas Polska аказвае ў 28 гарадах краіны. 90 працэнтаў людзей, якія карыстаюцца дапамогай, гэта ўкраінцы – падкрэсліла Малгажата Яраш-Яршэўска, намесніца дырэктара Caritas Polska.
Яна паведаміла, што за апошнія два гады дапамогай цэнтраў скарысталіся 115 тысяч чалавек, а за апошні год — каля 41 тысячы.
«Гэта сведчыць аб тым, што колькасць запытаў не вельмі змяншаецца, да нас звяртаюцца людзі, якія, магчыма, раней спраўляліся з дапамогай іншых устаноў, а цяпер з цягам часу патрабуюць дапамогі», — сказала Малгажата Яраш-Яршэўска.
Звяртаюцца па дапамогу і грамадзяне былых рэспублік СССР, у асноўным з Чачні, Грузіі, Таджыкістана і Беларусі, а таксама расце колькасць бежанцаў з Венесуэлы, Афганістана, Сірыі і Егіпта.
У Варшаве дзейнічае найбуйнейшы Цэнтр дапамогі мігрантам і бежанцам Caritas, які аказвае непасрэдную і сістэматычную дапамогу прыкладна 20 тысячам чалавек. Гэта сацыяльная і харчовая дапамога, а таксама інтэграцыйная падтрымка - напрыклад, вывучэнне польскай мовы ў групах рознага ўзроўню. Такімі курсамі карыстаюцца больш за 8 тысяч мігрантаў. Caritas таксама дапамагае ў пошуку працы, праводзіць прафесійныя курсы, кансультацыі і кар'ерную падтрымку.
Caritas Polska дапамагае бежанцам і мігрантам у розных частках свету. Найбольшую дапамогу Caritas Polska аказвае бежанцам з Венесуэлы ў Калумбіі, таксама Caritas працуе з бежанцамі ў Емене і Ліване.
IAR/вх