Беларуская Служба

Каталіцкі Касцёл у Польшчы рыхтуецца да адзначэння дня польскіх місіянераў

05.01.2025 14:12
Сёлета гэты дзень пройдзе пад лозунгам «Хрыстус — надзея для сусвету».
Ілюстрацыйнае фотаPAP/Darek Delmanowicz

У Каталіцкім Касцёле ў Польшчы 6 студзеня адзначаецца Дзень малітвы і дапамогі місіянерам. Місіянер — гэта той, хто натхняе, каардынуе і суправаджае, але не вырашае ў поўнай меры праблемы мясцовага насельніцтва, — расказаў агенцтву PAP ксёндз Казімір Шымчэя, місіянер, сакратар Камісіі епіскапату Польшчы па справах місій.

Сёлета ён будзе праходзіць пад лозунгам «Хрыстус — надзея для сусвету». Гэта дзень асаблівай памяці місіянераў з Польшчы, якія служаць на ўсіх кантынентах.

«Місіянеры нясуць іншым Добрую Навіну пра Езуса Хрыста перадусім праз сведчанне свайго жыцця, гэта значыць, абвяшчаючы словы Евангелля і дапамагаючы патрабуючым, часта не бачачы вялікіх плёнаў сваёй працы», — сказаў біскуп Ян Пятроўскі, старшыня камісіі па справах місій Канферэнцыі епіскапату Польшчы (KEP).

Паводле звестак Камісіі Епіскапату Польшчы па справах місій, цяпер у 99 краінах служаць 1662 чалавекі з Польшчы. У гэтую групу ўваходзяць 273 святары (fidei donum), 1353 высвечаныя асобы – у тым ліку 609 законніц і 744 манахі – і 36 свецкіх місіянераў. Годам раней у місіях працавалі 1690 чалавек.

Згодна з рашэннем Канферэнцыі Епіскапату Польшчы, зборы ад вернікаў у касцёлах 6 студзеня павінны быць перададзеныя дыяцэзіямі ў Нацыянальны місійны фонд, які выкарыстоўваецца для падтрымкі місіянерскай дзейнасці.

PAP/юл