Прэзідэнт Варшавы вядзе перадвыбарчую агітацыю на Падляшшы, дзе пераконвае жыхароў рэгіёну галасаваць за яго на прэзідэнцкіх выбарах, прызначаных на 18 мая 2025 года. У Пуньску ён сустрэўся з прадстаўленай там літоўскай нацыянальнай меншасцю.
Тшаскоўскі абвясціў, што мае намер увесці ў польскую знешнюю палітыку фундаментальны прынцып – здаровы сэнс. То бок «усё, што мы робім, павінна акупляцца». «Інтарэсы краіны — гэта інтарэсы ўсіх грамадзян», — заявіў Тшаскоўскі.
У гэтым кантэксце, падкрэсліваючы важнасць Украіны як краіны, якая цяпер змагаецца з Расіяй і ў гэтым сэнсе ўмацоўвае бяспеку Польшчы, ён адзначыў, што будучае сяброўства Украіны ў Еўрасаюзе таксама павінна быць выгадным для Польшчы.
«Самае галоўнае для нас, каб усе, хто да нас прыходзіць і хоча разлічваць на падтрымку, умацоўвалі эканоміку. І таму я прапаную прынцыпова змяніць, а менавіта калі размова ідзе пра такія льготы, як 800+ для ўкраінцаў, яны павінны дзейнічаць, калі ўкраінцы працуюць, жывуць у Польшчы і плацяць падаткі ў Польшчы», — сказаў Тшаскоўскі, словы якога сустрэлі апладысментамі.
«Гэта разумная змена, і таму я звяртаюся да ўрада з просьбай пачаць працу над змяненнем заканадаўства, каб гэты тып запыту быў улічаны», — дадаў ён.
Кандыдат у прэзідэнты ад «Грамадзянскай кааліцыі» патлумачыў, што Польшча не можа зрабіць памылку, якую рабілі ў мінулым іншыя заходнія краіны, такія як Германія ці Швецыя, калі «проста варта было прыехаць туды толькі дзеля сацыяльных выгод». Ён таксама адзначыў, што цяпер пераважная большасць украінцаў працуе ў Польшчы. «Пераважная большасць з іх спрыяе росту нашай эканомікі», — падкрэсліў Тшаскоўскі.
Падчас сустрэчы Тшаскоўскі таксама сказаў, што стаўкі на гэтых выбарах самыя высокія. «На карту пастаўлена ўсё. Можна сказаць, што гэта другі тур выбараў 2023 года. Калі мы хочам паскорыць справу, калі мы хочам выканаць усе нашы абяцанні, калі мы хочам, каб Польшча зноў была дэмакратычнай дзяржавай, прававой дзяржавай, мы павінны ісці на гэтыя прэзідэнцкія выбары і, вядома, рабіць стаўку на дэмакратычнага кандыдата», — падкрэсліў ён.
Палітык заявіў, што краіне патрэбны прэзідэнт, які будзе актыўным і будзе натхняць урад дзейнічаць, пры неабходнасці бяручы справу ў свае рукі.
Тшаскоўскі таксама спаслаўся на нядаўнюю заяву кандыдата ў прэзідэнты ад ПіС Караля Наўроцкага, які сказаў, што «пакуль не будуць вырашаны нашы пытанні, у тым ліку эксгумацыя ахвяраў генацыду на Валыні», ён не бачыць будучыні для Украіны ў Еўрасаюзе і НАТА.
«Калі гэтая вайна скончыцца, месца Украіны — у Еўропе. Месца Украіны — у Паўночнаатлантычным альянсе. Гэта павінна быць зразумела, таму што нам гэта проста выгадна. І той, хто гэтага не разумее, не разумее асноўных інтарэсаў дзяржавы», заявіў Рафал Тшаскоўскі.
«Сёння, калі я чую сумневы майго апанента, я павінен сказаць, што ён не разумее галоўнага. Ён не разумее польскіх інтарэсаў, ён не разумее, што нам проста выгадна, каб Украіна была часткай Еўропа, а не часткай Расіі», — сказаў Тшаскоўскі.
Раней прэс-сакратар Наўроцкага Эмілія Вяржбіцкая заявіла, што Польшча рыхтавалася далучыцца да заходніх структур дзясятак-другі гадоў. «Наша пазіцыя ясная — пра гэта можна казаць, але калі гаворка ідзе пра ўступленне (Украіны) у Еўрасаюз або НАТА, то яна, вядома, не безумоўная», — адзначыла Вяржбіцкая .
PAP/вх