Беларуская Служба

На польска-беларускай мяжы адбылася замена вайскоўцаў, якія там служаць у межах аперацыі «Бяспечнае Падляшша»

01.02.2025 07:15
Скончылася першая ратацыя ваеннай аперацыі «Бяспечнае Падляшша».
Służby stoją na straży granicy polsko-białoruskiej
Służby stoją na straży granicy polsko-białoruskiejx.com/Zelazna_Dywizja

З пачатку лютага вайскоўцаў 18-й механізаванай дывізіі на мяжы з Беларуссю заменяць іх калегі з 12-й механізаванай дывізіі са Шчэціна, а камандаваць аперацыяй будзе генерал Шымон Казятэк.

Аперацыя «Бяспечнае Падляшша» — гэта агульная назва дзейнасці Войска Польскага на мяжы з Беларуссю, прысвечаная падтрымцы памежнай аховы і паліцыі ў ахове мяжы ва ўмовах міграцыйнага ціску з Беларусі. Аперацыя пачалася 1 жніўня 2024 года, замяніўшы аперацыю «Грыф» і навучальную аперацыю «Рэнгаў». З гэтага моманту ўсе вайскоўцы, якія нясуць службу на мяжы, дзейнічаюць у рамках адзінай аперацыі пад кіраўніцтвам Аператыўнага камандавання Узброеных Сіл.

1 жніўня пачалася першая змена. Яе аснову складалі жаўнеры 18-й механізаванай дывізіі, часці якой размяшчаліся ва ўсходняй Польшчы са штабам у Седльцах.

Камандзір 18-й дывізіі генерал Аркадзіюш Шкутнік паведаміў, што за час першай ратацыі на мяжы было затрымана 5,5 тысяч чалавек, якія «праніклі на тэрыторыю Рэспублікі Польшча нелегальна, часта з ужываннем фізічнай сілы і агрэсіі».

Салдаты Войска Польскага прысутнічаюць на ўсходняй мяжы з 2021 года, калі іх накіравалі туды для падтрымкі Памежнай аховы і паліцыі ў сувязі з імклівым ростам колькасці спроб нелегальнага перасячэння мяжы з Беларусі з боку мігрантаў з усяго свету. Польскія ўлады неаднаразова падкрэслівалі ў сваіх заявах, што міграцыйны ціск з'яўляецца вынікам арганізаванай палітыкі беларускага і расійскага рэжымаў і адной з формаў вядзення гібрыднай вайны.

РАР/вх