Беларуская Служба

У Польшчы расце папулярнасць крайне правай партыі

18.02.2025 10:36
Сталі вядомыя вынікі новага палітычнага рэйтынгу. 
Сейм Польшчыфота: Twitter/Sejm RP

Цэнтрысцкая партыя «Грамадзянская платформа», якая з’яўляецца галоўнай палітычнай сілай актуальнай урадавай кааліцыі ў Польшчы, можа разлічваць на падтрымку 31,8% галасоў выбаршчыкаў. Яе асноўны канкурэнт, апазіцыйная кансерватыўна-каталіцкая партыя «Права і справядлівасць», карыстаецца падтрымкай 27,9% палякаў. Трэцяе месца ў палітычным рэйтынгу заняла нацыяналістычная «Канфедэрацыя», якую падтрымліваюць 18,7% грамадзян Польшчы, вынікае з апытання грамадскай думкі, праведзенага па замове радыёстанцыі RMF FM.

Калі параўнаць вынікі актуальнага апытання з папярэднім, то «Грамадзянская платформа» страціла 0,1% падтрымкі рэспандэнтаў, «Права і справядлівасць» - 2,8%, а «Канфедэрацыя» павялічыла свой рэйтынг на 5,2%.

Чацвёртае месца ў палітычным сацапытанні заняла правацэнтрыская кааліцыя «Трэці шлях» з падтрымкай у 8%, а пятае – «Новыя левыя» (5,5%). Замыкае рэйтынг сацыял-дэмакратычная партыя «Разам» (2,9%).

Падчас апытання 57% рэспандэнтаў заявіла, што плануюць прыняць удзел у парламенцкіх выбарах.

У Польшчы электаральны бар'ер для палітычных партый складае 5%, для партыйных кааліцый - 8%.

вс