Міністр унутраных спраў і адміністрацыі падпісаў пастанову аб увядзенні часовай забароны на знаходжанне ў памежнай зоне, прылеглай да дзяржаўнай мяжы з Рэспублікай Беларусь.
Буферная зона дзейнічае і была падоўжана яшчэ на 90 дзён. Новая пастанова ўступіць у сілу ў панядзелак, 10 сакавіка гэтага года.
У Міністэрстве ўнутраных спраў і адміністрацыі Польшчы заяўляюць, што групы мігрантаў, якія ідуць з Беларусі, добра арганізаваныя, іх дзеянні зладжаныя. Мігранты ігнаруюць заклікі выконваць закон. Ёсць таксама прамыя напады на польскіх вайскоўцаў з выкарыстаннем нажоў ці іншых небяспечных інструментаў.
«Гэты ціск быў штучна створаны беларускімі ўладамі ў рамках гібрыднай стратэгіі, накіраванай на дэстабілізацыю Польшчы і іншых краін Еўрасаюза», — гаворыцца ў паведамленні прэс-службы Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі Польшчы.
Часовая забарона на знаходжанне ў памежнай зоне гарантуе бяспеку афіцэраў памежнай службы, міліцыі і вайскоўцаў. Пашырэнне буфернай зоны таксама палегчыць працу па мадэрнізацыі агароджы і абмяжоўвае дзейнасць кантрабандыстаў.
Пасля 267 дзён пасля ўвядзення буфернай зоны на мяжы памежнікі заяўляюць, што колькасць спробаў нелегальнага перасячэння польска-беларускай мяжы зменшылася прыкладна на 46 працэнтаў. З 13 чэрвеня 2024 года па 6 сакавіка гэтага года зафіксавана звыш 12,7 тысячы такіх спробаў. У аналагічны перыяд, да ўвядзення буфернай зоны, іх было амаль 23,5 тысячы.
Буферная зона на польска-беларускай мяжы дзейнічае на ўчастку 78,29 км, які знаходзіцца ў межах тэрытарыяльнага дзеяння пагранічных заставаў у Міхалове, Нараўцы, Белавежы, Дубічах Царкоўных і Чарэмшы.
Гэты рэгіён мае густы лес, балоты. Правядзенне пошукавых аперацый тут значна ўскладнена. Гэта стварае прамую пагрозу жыццю і здароўю асоб, якія ўехалі ў краіну з Рэспублікі Беларусь, а таксама афіцэраў і супрацоўнікаў дзяржаўных службаў і вайскоўцаў Узброеных сіл Рэспублікі Польшча, якія выконваюць службовыя абавязкі на дзяржаўнай мяжы.
вх