Беларуская Служба

У Польшчы судзяць удзельнікаў злачыннай групы. Сярод падсудных – беларусы

25.03.2025 20:26
Польская пракуратура абвінаваціла 13 чалавек ва ўдзеле ў злачыннай групе, якая арганізавала падпольную тытунёвую фабрыку.
Польскі судDarSzach/ Shutterstock

Люблінская рэгіянальная пракуратура абвінаваціла 13 чалавек ва ўдзеле ў арганізаванай злачыннай групе, якая займалася нелегальнай вытворчасцю цыгарэт. На падпольнай фабрыцы, якая належала падазраваным, паліцыя знайшла амаль 580 тыс. штук цыгарэт коштам каля 405 тыс. злотых (больш за 96 тыс. еўра) і 2 тыс. 400 кг высушанага тытуню.

Пракурорскае следства працягвалася з лістапада 2022 года, калі фабрыка была выяўленая супрацоўнікамі паліцэйскага Цэнтральнага бюро расследаванняў і Нацыянальнай падатковай адміністрацыі.

Нелегальнае прадпрыемства пастаянна пераязджала з месца на месца ў розных ваяводствах Польшчы, каб згубіць след ад праваахоўных органаў.

Падпольная фабрыка была абсталяваная сучаснай тэхнікай і лініяй для вытворчасці ды ўпакоўкі цыгарэт.

Сярод затрыманых – не толькі грамадзяне Польшчы, але і Грузіі, Беларусі ды Украіны. Паводле пракуратуры, злачыннай групоўкай кіраваў 43-гадовы грузін.

Суд над абвінавачанымі пачаўся ў горадзе Радам (100 км на поўдзень ад Варшавы).

вс